узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.
1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.
2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.
3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.
4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)