Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узлётны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўзлёту самалётаў, прызначаны для ўзлёту. Загорын рукою даў знак, і машына панеслася па ўзлётнай паласе на другі канец аэрадрома. Алешка. Пераскокваючы прыступкі рухомай лесвіцы-трапа, Павел збег на ўзлётную пластыкавую дарожку. Шыцік.

•••

Узлётна-пасадачная паласа гл. паласа.

узліва́нне, ‑я, н.

У старажытнасці — прынясенне віна ў ахвяру багам.

узліва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да узліваць.

узліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узліць.

узлі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узліць.

узлі́ць, узалью, узальеш, узалье; узальём, узальяце і ‑лью, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. узліў, ‑ліла, ‑ло; заг. узлі; зак., што і чаго.

Разм. Лінуць якую‑н. вадкасць па паверхню чаго‑н. Узліць масла на скавараду. □ Пра свае забыўшы мукі, Усхапілася [Кацярына] тады. Кубак трапіўся пад рукі, Узліла на твар вады. Броўка. Хлапчукі, зачарпнуўшы ў рэчцы конаўку вады, узлілі на вогнішча і паварушылі яго альховымі дубцамі. Ус.

узло́бак, ‑бка, м.

Узвышанае месца на негарыстай мясцовасці. Праз колькі хвілін Чубар выйшаў за вёску і пакрочыў па дарозе, што вяла скрозь бульбяное поле на высокі і шэры ўзлобак, за якім недзе былі Журынічы. Чыгрынаў. // Самы высокі пункт якога‑н. узвышша. На пагорку, на самым яго ўзлобку ляжалі ў беспарадку і стаялі тырчма вялізныя каменныя глыбы. Хадкевіч. Вось людзі, чатыры цёмныя постаці, узышлі на самы ўзлобак, падаліся да яліны. Лынькоў.

узло́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узлажыць.

узло́м, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узломваць — узламаць.

узло́мліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узломліваць — узламаць.