узмалі́цца, ‑малюся, ‑молішся, ‑моліцца; зак.
Пачаць маліць, прасіць аб чым‑н. — Дзеткі... — узмалілася старая Аксеня. — Ці было калі пры бацьку, каб за сталом сварыліся... Чарнышэвіч. — Браткі, паездзім яшчэ трохі, — узмаліўся .. [Алесь]. Караткевіч.
узмасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.
Разм. Узабрацца на што‑н. высокае або на верх чаго‑н. Узмасціцца на дах. // Заняць пэўнае месца, пасаду. Не пераварот у царскім палацы, не змова свіцкіх генералаў з наследнікам, якому да свербу карціць самому ўзмасціцца на трон, — помста ад імя народа. Мехаў.
узмасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., каго-што.
Разм. Узлажыць, палажыць (звычайна цяжкае, грувасткае) на што‑н. высокае або на верх чаго‑н. Мёртвага ў труне на калымагу ўзмасцілі. У дарогу, на той свет усхліпамі выпраўлялі. Калачынскі.
узма́х, ‑у, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узмахваць — узмахнуць.
узма́хванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узмахваць — узмахнуць.
узма́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узмахнуць.
узмахну́цца, ‑нецца; зак.
Імкліва падняцца ўгору. Між стрэх узмахнуліся языкі полымя. Дуброўскі. Доўга вецер з травой гаварыў Ды ўзмахнуўся над мокрымі нівамі, А ў лесе сасоннік стары Пахіліўся галовамі сівымі. Тарас.
узмахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Парывіста махнуць чым‑н. Узмахнуць рукамі. Узмахнуць вёсламі. □ Птушка ўздрыгнула, узмахнула крыламі. Арабей. Міхась узмахнуў лазінай і галопам паляцеў па гасцінцы. Дайліда.
узмацне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўзмацнеў, павялічыўся ў сіле (пра вецер, дождж і пад.). Узмацнелы вецер. / Пра голас, гукі. Першы, узмацнелы голас мне пачуўся цёткі Ганны: — Давайце ўсё ж [клубніку] на Яхімаўскі вазіць. Кавалёў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Узмацнелая дружба. // Які стаў больш трывалым, цвёрдым. Узмацнелы лёд.
2. Які стаў больш здаровым, моцным. Узмацнелы падлетак.
3. Які атрымаў больш шырокі размах і арганізаванасць. Партызанскія злучэнні, узмацнелыя ў барацьбе з ворагам, усё больш набывалі рысы высокаарганізаванай арміі. Дзенісевіч.
узмацне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узмацняць — узмацніць і узмацняцца — узмацніцца.