Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узло́млівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да узломліваць.

узло́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узламаць.

узло́мшчык, ‑а, м.

Той, хто ўзломлівае што‑н. з мэтай аграбленыя.

узляга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узлегчы.

узлята́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. узлятаць — узляцець (у 1, 3 і 4 знач.).

узлята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узляцець (у 1, 3 і 4 знач.).

узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.

2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.

3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.

4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.

•••

Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).

узмакрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў мокрым (звычайна ад поту). Іван з Аляксеем ледзь паспявалі за .. [Сітай], моўчкі сапучы і выціраючы хусцінкамі ўзмакрэлыя твары. Б. Стральцоў. Пот засланяў вочы Змітраку, сцякаў з твару, .. да цела прыліпала ўзмакрэлая майка, хоць выціскай яе. Хадкевіч.

узмакрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць мокрым (звычайна ад поту). Блукалі [хлопчыкі], як мне здалося, вельмі доўга, аж узмакрэлі, калі, нарэшце, нейкім цудам выйшлі проста да смалярні. Ваданосаў. Ад напружанасці ў .. [Кастуся] узмакрэлі далоні, і ад гэтага ён яшчэ больш бянтэжыўся. Гаўрылкін. Але як змерклася, калі ўсе паснулі, Галя дала волю слязам, яна амаль да раніцы прахліпала ў падушку, аж навалачка ўзмакрэла. Сабаленка.

узмалі́цца, ‑малюся, ‑молішся, ‑моліцца; зак.

Пачаць маліць, прасіць аб чым‑н. — Дзеткі... — узмалілася старая Аксеня. — Ці было калі пры бацьку, каб за сталом сварыліся... Чарнышэвіч. — Браткі, паездзім яшчэ трохі, — узмаліўся .. [Алесь]. Караткевіч.