узмацні́ць, ‑мацню, ‑моцніш, ‑моцніць; зак., што.

1. Павялічыць трываласць чаго‑н., умацаваць што‑н. [Алесь:] — Мы ўзмоцнім перамычку на канале, які злучае азярцо .. з возерам Доўгім. Броўка.

2. Зрабіць больш моцным па ступені праяўлення, павялічыць. Узмацніць гук, Узмацніць уражанне. □ Стары алень узмацніў націск. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. Тая акалічнасць, што Цётка, Янка Купала, Якуб Колас самі былі сведкамі і ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей, узмацніла іх веру ў народ. Каваленка. // Надаць большую выразнасць, яркасць чаму‑н. (мастацкаму вобразу і пад.). Той жа мэце — паўней рэалізаваць задуму, узмацніць эмацыянальную дзейнасць твора — служыць і інтанацыйнае багацце верша. Гіст. бел. сав. літ.

3. Зрабіць больш моцным, дзейсным, эфектыўным (пра ваенныя дзеянні). Артылерыя ўзмацніла агонь. □ У тыле ворага беларускія партызаны ўзмацнілі ўдары па ворагу. «Маладосць».

4. Павысіць баяздольнасць чаго‑н. Узмацніць гарнізон. □ Ліда прынесла нярадасную вестку: ахову лагера, дзе знаходзіўся Мікола, узмацнілі. Федасеенка. — Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы. Пальчэўскі. // Зрабіць больш магутным, больш уплывовым (у эканамічных, палітычных і іншых адносінах). Узмацніць сацыялістычную дзяржаву. □ [Серафім:] — Аднак гэта [арышты членаў КПЗБ] не пахіснула рады партыі, а, наадварот, узмацніла. Машара.

5. Актывізаваць (чыю‑, якую‑н. дзейнасць, работу і пад.); палепшыць. Узмацніць выхаваўчую работу. □ Каб узняць узровень лекцыйнай прапаганды, патрэбна ўзмацніць дапамогу лектарам, праводзіць з імі семінары, .. абагульняць вопыт лепшых. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)