таўстано́сы, ‑ая, ‑ае.
З тоўстым, вялікім носам. — Пераслалі дакументы назад! — з нейкім задавальненнем прамовіў таўстаносы, з маленькімі нерухомымі вочкамі, хударлявы Раман. Ваданосаў.
таўстапу́зы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З тоўстым, вялікім жыватом. Убег у штаб дывізіі хударлявы, нястройны паручнік. Выцягнуўся, як сабачка на заднія лапкі, перад таўстапузымі панамі... Нікановіч.
таўстаро́г, ‑а, м.
Парнакапытная жывёліна сямейства пустарогіх, якая мае вялікія рогі і дасягае 140 кг вагі, водзіцца ў Паўночна-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы; снежны баран.
таўстары́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З тоўстым рылам. Таўстарылая свіння. / Лаянк. Пра чалавека. О, каб яму [Данілу] ды воля, сіла! Як адплаціў бы ён за здзек Панам, іх [сялян] катам таўстарылым! Без жалю б рэзаў іх і сек. Колас.
таўстаску́расць, ‑і, ж.
Уласцівасць таўстаскурага.
таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.
1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.
2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».
таўстасу́м, ‑а, м.
Разм. Багацей. Жуль Верн не захапляўся тымі магчымасцямі, якія прадастаўляліся навуцы таўстасумамі. «Маладосць».
таўстасце́нны, ‑ая, ‑ае.
З тоўстымі сценамі або сценкамі. Старая таўстасценная вежа. Таўстасценная трубка.
таўстаце́лы, ‑ая, ‑ае.
З тоўстым целам. Таўстацелыя малпы.
таўсташчо́кі, ‑ая, ‑ае.
З тоўстымі, мясістымі шчокамі. Калі Віця канчаў есці кашу, да яго падсеў таўсташчокі хлапчук з чырвоным, як памідор, тварам, таксама дзяжурны па кухні. Нядзведскі.