таўсма́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Трохі тоўсты, таўставаты. І з чым нос дзядзькаў параўнаць. Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. Колас.
2. Поўны, моцна складзены (пра чалавека). Каржакаваты хлопец, гэтакі таўсматы здаравяк, гаварыў з раздум’ем. Чорны.
таўста... (гл. тоўста...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «тоўста...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: таўстаморды, таўстаскуры.
таўстабру́хі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З тоўстым, вялікім жыватом.
2. у знач. наз. таўстабру́хі, ‑ага, м. Зневаж. Багацей. [Габісонія:] — Я сказаў сабе: Тэафіл, досыць вандраваць па свеце, досыць працаваць на таўстабрухіх. Самуйлёнак.
таўстава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху тоўсты. Валянцін, высокі, крыху таўставаты, бялявы хлопец .. хадзіў па пакоі. Грахоўскі. Губы [у Захара Лемеша] хоць трохі таўставатыя і часамі крывяцца, але гэта ўжо — здабытак яго старшынскай важнасці, а не падарунак прыроды. Колас.
таўстагу́бы, ‑ая, ‑ае.
З тоўстымі губамі. Карэспандэнт быў малады яшчэ хлопец, таўстагубы, чырванашчокі, з вялікімі акулярамі на носе. Асіпенка.
таўстаза́ды, ‑ая, ‑ае.
Разм. груб. З тоўстым задам.
таўстало́бік, ‑а, м.
Прамысловая рыба сямейства карпавых, якая жыве ў рэках Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама акліматызавана ў Паўднёвай Еўропе.
таўсталы́ткі, ‑ая, ‑ае.
Разм. З тоўстымі лыткамі.
таўстамо́рды, ‑ая, ‑ае.
Разм. З тоўстай мордай. Таўстаморды бульдог. / Зневаж. Пра чалавека. Адкормлены, рыжавусы, таўстаморды чалавек зверскага віду трымаў у руках электрычны ліхтарык, асвятляючы хату і яе ўбогую абстаноўку. Колас.
таўстано́гі, ‑ая, ‑ае.
З тоўстымі нагамі. З ланцуга, прывязанага да дрэва, рвалася малое, але таўстаногае ваўчанё. Федасеенка.