Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атрэ́п’е, ‑я, н., зб.

1. Адыходы, якія атрымліваюцца пры трапанні лёну, пянькі.

2. Старое, зношанае адзенне; лахманы. Хадзіць у атрэп’і.

3. перан. Элементы грамадства, якія дайшлі да маральнага разлажэння; падонкі. [Арцыховіч:] — Ды што з гэтым белагвардзейскім атрэп’ем гаварыць! Лобан.

атрэ́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атрэсці.

атрэ́сці, атрасу, атрасеш, атрасе; атрасём, атрасяце; пр. атрос, атрэсла і атрасла; зак., што.

Трасучы, ачысціць што‑н. ад чаго‑н.; абтрэсці. Старэйшая дзяўчына паднялася, атрэсла са спадніцы траву і пясок. Асіпенка. Капеж зіме хвіліны лічыць, атрэслі снег цяжкі лясы. Машара. // Абабіць што‑н. трасучы, калоцячы; абкалаціць. Атрэсці грушу. // перан. Пазбавіць ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Народы нашы чорнай долі здзек атрэслі, І больш гісторыя кайданаў не начэпіць. Пушча. Зноў зацвітуць лугі, даліны, І атрасуць свой сон лясы. Колас.

•••

Рукі атрэсці гл. атрапаць.

атрэ́сціся, атрасуся, атрасешся, атрасецца; атрасёмся, атрасяцеся; пр. атросся, атрэслася і атраслася; зак.

Трасучыся, ачысціцца ад чаго‑н. Алесь прыйшоў з гумна, каля парога атросся, абмёў з лапцей снег. Чарнышэвіч. // Асыпацца, апасці ад уздзеяння чаго‑н. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Так на самым парозе жыцця чалавек быў пляснуты няўмольным лёсам у непралазную гразь бяды і згрызот, ад якіх потым ужо не так лёгка было атрэсціся. Майхровіч.

ату́, выкл.

Вокліч на паляванні з сабакамі, які азначае: бяры, лаві, хапай. Ату яго!

атуле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. атуліць.

ату́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атуліць.

атулі́цца, атулюся, атулішся, атуліцца; зак.

Ахутацца, ахінуцца. Залацеюць на першых праменнях сонца пяскі Сухіх грудоў, сівым туманам атулілася Гнілое балота. Колас. У вадзіцы у крынічнай Чысценька памыйся, Прыбярыся ў кветкі-краскі, Сонцам атуліся. Купала.

атулі́ць, атулю, атуліш, атуліць; зак., каго-што.

Агарнуць, ахінуць з усіх бакоў. Дай сваім плашчом цябе я атулю, мая надзея. Танк. Цішыня косамі шаўковымі атуліла саламяныя хаты. Лынькоў. // перан. Агарнуць, акружыць, падзяліць чым‑н. Сарву бялявую лілею, Надзею ласкай атулю. Пушча. Гэткім шчырым каханнем яе атуліў, З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы. Купала.

ату́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да атуліцца.

2. Зал. да атульваць.