атава́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. атаварваць — атаварыць.
атава́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да атаварваць.
атава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да атаварыць.
атава́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Выдаць або атрымаць тавар у пагашэнне якога‑н. абавязацельства. [Юля:] — Жэня ўжо атаварыла картачкі: масла, кансервы ёсць. Васілевіч.
атаві́зм, ‑у, м.
Спец. Праяўленне ў чалавека, жывёл і раслін такіх прыкмет, якія былі ўласцівы іх далёкім продкам. // перан. Рэшта, паўтарэнне чаго‑н., што было ўласціва папярэднікам. Палітычны атавізм.
[Ад лац. atavus — продак.]
атавісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да атавізму. Атавістычныя праяўленні.
атайбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; зак.
Разм. Уладкавацца, размясціцца; атабарыцца. Вельмі ж Толіку хацелася, каб на таполі пасяліліся буслы. І яны не падвялі хлопца. Прыляцелі, зрабілі сабе дамоўку і атайбаваліся жыць. Вітка. Вясна скончылася, і лета атайбавалася па полі. Чорны.
атаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.
Аціхнуць, супакоіцца; тое, што і утаймавацца.
ата́ка, ‑і, ДМ атацы, ж.
Імклівы напад на пазіцыі праціўніка. Ісці ў атаку. Псіхічная атака. Лабавая атака. □ Батарэя, у якой служыў Зыбін і ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. Мележ. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. / У спартыўных гульнях. Люблю я ў футболе юнацкую сілу, Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка. // перан. Рэзкае абвастрэнне хваробы. Паведамленне ўрача аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула [Праша]. Шамякін. // перан. Разм. Дзеянне, накіраванне на дасягненне якой‑н. мэты. Тым часам маці даставала Чыгунчык з печы, лыжку брала І верашчаку налівала. А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку. Колас. Давайце песняй весці людзей За камунізм у атаку. Панчанка. — А як гэта ты, сусед, умудрыўся Антосевых качак перастраляць? — Макарчук перайшоў у атаку на Сіняўскага. Курто.
[Фр. attaque.]
атакава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад атакаваць.