Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

1. Асцярожныя, далікатныя адносіны да каго‑, чаго‑н., выкліканыя бояззю пашкодзіць, патурбаваць. Я трымаў яе [Іру] у абдымках, пяшчотна, з асцярогай, як злоўленую маладую птушку. Пташнікаў. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна [Тэкля] з асцярогаю кранулася яе рукі. Гартны.

2. Ахоўныя меры, якія выкліканы неабходнасцю папярэдзіць непрыемную нечаканасць. Не палілі агнёў, нават цыгаркі і тыя з асцярогай хавалі ў рукаў. Шахавец.

асцяро́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асцярожлівага.

асцяро́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і асцярожны.

асцяро́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асцярожнага. Далейшая размова збліжае іх [Лабановіча і Вольгу Віктараўну], рассейвае тое недавер’е і тую асцярожнасць, што замінаюць выяўленню шчырасці і адкрытасці паміж людзьмі, асабліва малазнаёмымі. Колас. Як бы там ні было, ён [Чарпакевіч] ужыў, якую мог, асцярожнасць, каб толькі ўсё абышлося ціха. Чорны.

асцяро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Дзейнічаць з асцярогай, быць асцярожным.

асцяро́жны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае з аглядкай, асцярогай, імкнецца прадбачыць магчымую непрыемнасць, небяспеку. Выдаў майстар кнігу, Вынасіў сумленна. Асцярожны крытык Пахваліў: — Не дрэнна! Лужанін. У Пракопе сядзеў усё яшчэ стары Пракоп, асцярожны, падазроны, недаверлівы. Колас. // Які робіцца з асцярогаю, так, каб не звярнуць чыёй‑н. увагі, не пашкодзіць што‑н., не патурбаваць каго‑н. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Брыль. // Далікатны, акуратны. Асцярожныя моцныя рукі прытулілі дзяўчынку да гімнасцёркі. Гарбук. Тут [у небе] трэба быць асцярожным: ледзь недагледзіш — і ўспамінай як звалі. Гамолка.

асы́пак, ‑пку, м.

Тое, што асыпалася з гары ў выніку разбурэння пароды.

асыпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. асыпа́ць — асы́паць і асыпа́цца — асы́пацца.

асы́паны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад асы́паць.

2. у знач. прым. Разм. Пакрыты высыпкай, болькамі (пра твар, губы і інш.).

асы́пацца, ‑плецца; зак.

1. Адваліўшыся, разваліўшыся, асунуцца ўніз. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. Толькі пабелка на ёй [вежы] з гадамі асыпалася, і вежа выглядае цяпер чырвонай. Краўчанка.

2. Апасці (пра лісце, зерне і пад.). Асыпаліся пялёсткі вяргіні. // Застацца без лісця, пялёстак; агаліцца. Пасох верас, парудзела папараць, не адскочыла нават ад зямлі, асыпаўся багун і ягаднік. Пташнікаў.

асыпа́цца, а́ецца; незак.

1. Незак. да асы́пацца.

2. Зал. да асыпа́ць.