Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фура́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Галаўны ўбор з аколышам і казырком; форменная шапка. На салдатах не было пагон, на фуражках былі намаляваны пяцікутныя зоркі. Самуйлёнак. Ад Янукевіча выйшаў малады вайсковец у светла-сіняй фуражцы з малінавым аколышам. Хадкевіч.

[Польск. furażerka.]

фура́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фуражу. Фуражныя фонды. □ Ліда.. ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з большых у раёне фуражных баз. Брыль. // Прызначаны для фуражу. Фуражны вагон.

2. Які з’яўляецца фуражом, ідзе на корм жывёле. Фуражная бульба.

•••

Фуражная карова — дойная карова, якая атрымлівае дадатковы фураж.

фуражы́р, ‑а, м.

1. Асоба, у абавязкі якой уваходзяць нарыхтоўка, захоўванне і выдача фуражу. Фуражыр калгаса. Фуражыр эскадрона. □ Муж, Федзя, працуе фуражырам на ферме, працадні яму ідуць кожны дзень. Палтаран.

2. Уст. Ваеннаслужачы, які прызначаўся для нарыхтоўкі фуражу. Захапіць у палон фуражыраў ворага.

фуражы́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фуражыра; які складаецца з фуражыраў. Фуражырны атрад.

фуражыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Уст. Здабыванне і збор фуражу ў ваенны час.

фуражы́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фуражыра.

фурацылі́н, ‑у, м.

Антысептычны сродак.

фурго́н, ‑а, м.

1. Крытая конная павозка. А побач з Насцяй цягнуць коні Фургон закрыты, а ў фургоне Герой мой, прапаршчык Дзяжа. Колас. Як расказваюць старажылы, конка добра бегла пад гару, а на пад’ёмах нават чатыры кані не маглі цягнуць цяжкі фургон. Жычка. Насустрач ім выехаў нейкі старамодны фургон, запрэжаны тройкай добрых коней. Шамякін.

2. Закрыты кузаў на аўтамашынах, прычэпах, калёсах для перавозкі грузаў. З хлебнага фургона, рэзка затармазіўшы машыну, выскачыў шафёр і кінуўся цераз вуліцу наперарэз гасцям з Афрыкі, хочучы сказаць ім нешта важнае... Навуменка. Па калдобістай дарозе імчацца магутныя грузавікі, фургоны рамонтных майстэрань, аўтакрамы... Хведаровіч.

[Фр. fourgon.]

фурго́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фургона. Фургонныя колы.

фурго́ншчык, ‑а, м.

Вазак фургона (у 1 знач.).