фле́гма, ‑ы, ж.
1. Уст. Слізь, макрота.
2. Незвычайны спакой, абыякавасць да ўсяго.
3. Разм. Флегматычны чалавек.
4. Спец. Густая маса, якая застаецца пасля фракцыйнай перагонкі вадкай сумесі.
[Ад грэч. phlegma — вадкасць, макрота.]
флегмано́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд флегмоны, нагадвае флегмону. Флегманозная ангіна.
флегматы́зм, ‑у, м.
Тое, што і флегма (у 2 знач.). Даўгавечны сялянскі флегматызм і пакора разарваліся пробліскам рэвалюцыйнага змагання. Мурашка.
флегма́тык, ‑а, м.
Чалавек флегматычнага тэмпераменту. Нарэшце вядомы на ўвесь горад фотакарэспандэнт Пеця Чарнавус, душа хлопец, флегматык у працы і віхор у гульні, адчыніў дзверы. Шамякін.
[Ад грэч. phlegmaticos.]
флегматы́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць флегматычнага. Флегматычнасць і логіка, якія гучалі ў словах Шабанава, вывелі Савацеева з раўнавагі. Шыцік.
флегматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які характарызуецца марудлівасцю, спакоем, ураўнаважанасцю, слабым праяўленнем эмоцый (пра тэмперамент, нервовую арганізацыю). Флегматычны тэмперамент.
2. Уласцівы флегматыку. Маючы спакойны, нават крыху флегматычны характар, .. [Таня] ніколі не давала поўнай волі дзявочаму сэрцу. Машара. // Блізкі да абыякавасці. Спакойны, нават нейкі флегматычны на працы, малады майстар выглядаў цяпер зусім іншым чалавекам. Паслядовіч. / у перан. ужыв. Можа і надзею страціла.. [Прыпяць] вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Колас. // Які выказвае непарушны спакой, раўнадушнасць; апатычны. [Кірыла] загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас: — Хто там? Шамякін.
флегмо́на, ‑ы, ж.
Гнойнае запаленне падскурнай або міжмышачнай клятчаткі.
[Ад грэч. phlegmonē.]
фле́йта, ‑ы, ДМ ‑йце, ж.
Духавы музычны інструмент высокага рэгістра ў выглядзе драўлянай або металічнай трубкі з адтулінамі і клапанамі. Глуха войкнуў барабан. І флейты захваляваліся жалобнай мелодыяй. Мікуліч.
[Ням. Flöte.]
фле́йтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да флейты, уласцівы ёй. Флейтавы гук. □ Ранняя вясна ці позняя, аднолькава гучна ў галінах зазелянелых бяроз спяваюць чырванагрудыя берасцянкі, выводзяць свае флейтавыя каленцы залацістыя івалгі. Ігнаценка.
флейты́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Музыкант, які іграе на флейце.