мно́жымае, ‑ага, н.
Лік, які множаць на іншы лік.
мно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
1. Колькасна павялічвацца; расці. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Колас. На шкле набухалі, множыліся дажджавыя кроплі. Навуменка.
2. Уст. Размнажацца. Розныя «божыя кароўкі», жучкі, матылькі, вусені жылі і множыліся на гэтым кавалку зямлі. Бядуля.
3. Падвяргацца множанню. Тры множыцца на два.
4. Зал. да множыць.
мно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1. што. Памнажаць адзін лік на другі. Множыць дзесяць на два.
2. каго-што. Павялічваць колькасць. Сеем, збіраем Спелае збожжа, Сабе, краіне Багацце множым. Купала. Гэтыя лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх. Колас.
мно́ства, ‑а, н.
1. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Пачаўся сход, і ад мноства людзей загула, загаманіла хата. Адамчык. Насупраць, куды свяціла сонца, бераг быў высокі, абрывісты, .. [з] мноствам пячорак, каля якіх з гуллівым і заклапочаным шчэбетам увіхаліся стрыжы. Брыль.
2. У матэматыцы — сукупнасць элементаў, якія вылучаны ў асобную групу па якой‑н. агульнай прыкмеце. Тэорыя мностваў.