Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяздо́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Бадзяцца, не маючы свайго жылля, сям’і. // Рэдка бываць дома, з сям’ёй. — Рыта, ты да мяне несправядлівая, — пярэчыць Барыс. — Хто-хто, а ты не можаш паскардзіцца, што я бяздомнічаю. Скрыган.

бяздо́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае жылля; беспрытульны. Кім толькі не быў, якіх толькі прафесій не паспытаў Мікола за сваё бяздомнае, вандроўнае жыццё. Машара. // Пра жывёл — валачашчы. Бяздомны кот.

бяздо́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяздоннага; бязмерная глыбіня.

бяздо́нне, ‑я, ж.

Тое, што і бездань. А над гэтым [снежным] прасторам разгортвалася бяздонне яснага прадвясенняга неба. Колас. Потым хлопцаў доўга гушкаў параход над акіянскім бяздоннем. Хомчанка.

бяздо́нніца, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і бездань (у 1, 3 знач.); прорва.

бяздо́нны, ‑ая, ‑ае.

Непамерна глыбокі. Так загуста насыпана месяцаў У бяздонную прорву вод, Што не пройдзе ніяк, не памесціцца Сярод гэтых вод параход. Панчанка. [Кулеш] кінуўся да ракі і доўга глядзеў на цёмную плынь і ўсё адно ўбачыў смерць — чорныя, бяздонныя віры глядзелі на яго. Шамякін. // Бязмежны, бяскрайні. Бяздонны блакіт.

•••

Бяздонная бочка гл. бочка.

бяздро́тавы, ‑ая, ‑ае.

Работа якога ажыццяўляецца без выкарыстання дротавых прыстасаванняў (для прыёму і перадачы гукаў, сігналаў і пад.). Бяздротавая сувязь. Бяздротавы тэлеграф. Бяздротавы тэлефон.

бязду́м’е, ‑я, н.

Інертны стан, які характарызуецца адсутнасцю думак, роздуму. Так стаяла.. [Алаіза Пашкевіч] да таго часу, пакуль з бяздум’я не вывеў паштальён, які падышоў і ўлажыў у клямку газеты. С. Александровіч.

бязду́мнасць, ‑і, ж.

Адсутнасць думак, інертнасць мыслення; бяздум’е. На Ніну раптам найшла нейкая дзіўная бяздумнасць. Мележ.

бязду́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.