аступа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да аступіцца.
аступі́цца, аступлюся, аступішся, аступіцца; зак.
Разм.
1. Няёмка, няўдала ступіць. Імкнучыся хутчэй ісці, ён [Клышэўскі] аступіўся і ўляцеў па шыю ў самую багну. Броўка. Я.. пабег у Зачэпічы. Ля Барылавай кузні аступіўся, падвярнуў нагу. Бажко.
2. перан. Памыліцца ў чым‑н. [Старшыня:] — Я наогул думаю: добра чалавек робіць — пахвалі, аступіўся — крытыкуй, не запускай. Прокша. А што, калі ў чым аступішся, не тое скажаш? Ермаловіч.
астыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. астываць — астыць.
астыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да астыць.
астыгматы́зм, ‑у, м.
Спец. Недахоп аптычнай сістэмы або праламляльнай здольнасці вока, які заключаецца ў тым, што прамені, выйшаўшы з аднаго пункта, не збіраюцца зноў у адным фокусе і адбітак (адлюстраванне) атрымліваецца расплывістым.
[Ад грэч. «а» — не і stigme — пункт, метка.]
астыгматы́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да астыгматызму.
асты́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў халодным, прастыў. Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.
2. перан. Які стаў спакайнейшым. Не астылы ад уражанняў дня, Васіль Пятровіч зноў і зноў спрабаваў загаварыць з.. [Верай Антонаўнай] пра работу камісіі. Карпаў.
асты́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Тое, што і астыць.
асты́т, ‑у, М ‑тыце, м.
Спец. Запаленне косці.
[Ад грэч. osteon — косць.]
асты́ць, астыну, астынеш, астыне; зак.
1. Стаць халодным, прастыць. Чай астыў. Абед астыў. □ Куй жалеза, пакуль не астыла яно! Купала. Пятрусь падкідаў вуг[о]лле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Лынькоў. Хата за ноч добра такі астыла. Значыць, памацнеў мароз. Пестрак. // Аддаўшы цяпло, прыйсці ў нармальны стан (пра цела). Як конь астыў, [фурманшчык] звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса. Чорны. Відаць, іх [двух маладых хлопцаў] вось толькі што выклікалі з вечарынкі, яны яшчэ не астылі ад полькі. Лужанін.
2. перан. Стаць спакайнейшым, страціць жвавасць. [Крушынскі:] — Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год. Бядуля. // Супакоіцца, апамятацца пасля гневу, злосці і пад. Валя ўмомант астыла, і ў словах яе не было ні злосці, ні знявагі да мачыхі. Васілевіч. // Страціць да каго‑, чаго‑н. цікавасць, перастаць цікавіцца кім‑, чым‑н. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа, яна [Аля] ўжо астыла да яго, можа, гэта спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. [Мацвей:] — Я загаруся: вот, здаецца б, усе зрабіў — а назаўтра вазьму і астыну. Лобан. Перамяніўся і.. [Баран] сам. Стаў крыклівы дома, менш бавіўся з дзецьмі, астыў да жонкі. Дамашэвіч. // Аслабець, знікнуць (пра пачуцці). Каб не даць астыць пачуццю .. салідарнасці, ён голасна крыкнуў: — Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў! Колас.