спарады́чны, ‑ая, ‑ае.
Які праяўляецца непастаянна, неперыядычна; нерэгулярны. Спарадычнае ўжыванне ў якасці назвы метралагічнай гандлёвай адзінкі мае слова аршын, запазычанае з цюркскіх моў і добра вядомае старажытнарускім помнікам. Гіст. лекс. бел. мовы.
[Ад гроч. sporadikos — раскіданы, адзіночны.]
спаражне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спаражняць — спаражніць.
спаражні́цца, ‑ражнюся, ‑рожнішся, ‑рожніцца; зак.
1. Стаць пустым, вызваліўшыся ад змесціва. Шклянка за шклянкаю — і бутэлька спаражнілася. Сабаленка.
2. Разм. Выдаліць з арганізма рэшткі ператраўленай ежы.
3. Разм. Пазбавіцца ад цяжарнасці шляхам выдалення плода.
спаражні́ць, ‑ражню, ‑рожніш, ‑рожніць; зак., што.
1. Зрабіць парожнім, пазбавіўшы ад змесціва. Пакуль мы спаражнілі міску, хмара праскочыла і на дварэ зноў прамянілася ліпеньскае сонца і цалавала спелае жытняе валоссе. Сташэўскі. Міход залпам спаражніў пляшку, вылез з-за стала і выцягнуў за руку Галю. Павёў у другі пакой. Сабаленка.
2. Разм. Выдаліць з арганізма рэшткі ператраўленай ежы. Спаражніць жывот.
спаражня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да спаражніцца.
2. Зал. да спаражняць.
спаражня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да спаражніць.
спаралізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спаралізаваць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане паралічу. Як толькі стаў вяртацца зрок і пачалі варушыцца пальцы на спаралізаванай руцэ, .. [Чорны] зноў узяўся за пяро і вярнуўся да творчасці. Вітка.
спаралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.
1. (часцей у форме дзеепрым.). Прывесці ў стан паралічу. У яго рука спаралізавана. / у безас. ужыв. Герке — тоўсты, з малінавым тварам чалавек, якога гадоў пяць назад спаралізавала, на заводзе паяўляўся рэдка. Асіпенка.
2. перан. Пазбавіць магчымасці дзейнічаць, аслабіць праяўленне чаго‑н. Але і гора і пакуты і, тым больш, знянацку нахлынуўшыя пачуцці спаралізавалі .. волю [жанчыны] і абяссілілі рукі. Майхровіч.
спара́нгій, ‑я, м.
Орган раслін, у якім утвараюцца споры, што служаць для бясполага размнажэння.
[Ад грэч. spora — пасеў і angeion — сасуд.]