спарава́цца, ‑руецца; зак.
Злучыцца (пра жывёл).
спарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.
Звесці для злучкі; злучыць (пра жывёл). Спараваць зубра з каровай.
спараві́к, ‑а, м.
Прасцейшы жывёльны арганізм, які паразітуе ў клетках, тканках і поласцях жывёл і чалавека.
спараджа́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да спараджаць (гл. спарадзіць у 2 знач.).
спараджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спарадзіць.
спараджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спараджаць — спарадзіць.
2. Тое, што ўзнікла, існуе; вынік чаго‑н. Скажуць: але ж і вадзянік, і лясун — спараджэнне чалавечай фантазіі. Што ж, справядліва. М. Стральцоў.
спарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.
1. Нарадзіць на свет падобнага да сябе. [Наста:] Сыне мой, На гора спарадзіла я цябе. Глебка. Спарадзіла чачотачка с[ямё]ра дачок, Спарадзіла невялічка с[ямё]ра малых. Купала.
2. Даць жыццё, існаванне чаму‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Пераход ад эпохі змагання і бітваў да штодзённай працы, па сутнасці, пераход у новы стан спарадзіў праблемы глыбокага ўнутранага характару. «Маладосць». Маштабна-рамантычнае адчуванне зямлі спарадзіла ў А. Куляшова шмат вобразаў. Лойка.
спара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спарадкаваць.
спара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Разм. Прывесці ў парадак што‑н.; надаць належны выгляд, давесці да ладу. Заставалася спарадкаваць толькі цыбулю. Шыловіч. Памылі і спарадкавалі пасуду. Кожная рэч у доме старога рыбака цяпер стаяла на вызначаным ёй месцы і, як калісьці пры бабцы Тадоры, зіхацела чысцінёй. Бяганская.
спарады́чнасць, ‑і, ж.
Непастаяннасць праяўлення, узнікнення чаго‑н. Спарадычнасць з’яў.