Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спалучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Аб’яднаць, злучыць адначасова адно з другім; сумясціць. Спалучыць тэорыю з практыкай. □ Разам наш народ пранёс ярмо пакуты, Разам спалучылі нас стагоддзі, Разам разрывалі кайданы і путы, Разам жыць адвечна ў прыязні і згодзе. Шушкевіч. Самцэвіч любіў усё прыгожае, і хараство прыроды хацеў спалучыць з хараством, створаным рукамі чалавека. Шахавец.

2. Сумясціць разам. Спалучыць колеры.

3. Наладзіць сувязь; злучыць. Волга з Донам спалучылі Свае хвалі на вякі. Астрэйка.

спалучэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спалучаць — спалучыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спалучацца — спалучыцца. Спалучэнне зычных. Сінтаксічнае спалучэнне. Спалучэнне колераў.

спа́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. спальваць — спаліць (у 1 знач.).

спа́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спаліцца.

2. Зал. да спальваць.

спа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаліць.

спа́льнік, ‑а, м.

Уст. Прыдворны чын у Рускай дзяржаве 15–17 стст.

спа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для спання. Спальны вагон. Спальны мяшок. □ Дзве цёткі.. ніяк не маглі размінуцца ў вузкім калідорчыку. І адна і другая трымалі ў руках па вялікай спальнай падушцы. Каваленка.

2. Які мае адносіны да спальні (у 1 знач.); прызначаны для яе. Спальны гарнітур мэблі.

спа́льня, ‑і, ж.

1. Пакой, прызначаны для спання. Надзя пайшла моўчкі ў спальню. Да вячэры не выйшла, заўпарцілася. Гіль. У паласатай піжаме, з памятым і добрым ад сну тварам, выйшаў са спальні Максім Сцяпанавіч. Карпаў.

2. Разм. Камплект мэблі, прызначаны для такога пакоя. Купіць фінскую спальню.

спамі́ж, прыназ.

Абл. Між (у 1, 2 знач.). У адным месцы .. [чалавек] спыніўся, стаў спін[а]й к лесу і спаміж кустоў глянуў на прырэчнае поле. Чорны.

спаміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спамянуць.