Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спапяле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спапяліць.

спапяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Ператварыць у попел; сатлець, згарэць. Здавалася, што ўсё спапялее, згарыць ад гэтакай гарачыні. Сабаленка. // перан. Набыць колер попелу. Твар .. [Кідалы], звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Шамякін. Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны.

2. Тлеючы, ператварыцца ў попел, парахню; згніць. Іржа згрызе жалеза, струхлеюць каменныя сцены, косці ворагаў яго спапялеюць у зямлі, а .. [Захар] будзе жыць. Лынькоў.

спапялёны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спапяліць.

2. у знач. прым. Спалены дашчэнту, ператвораны ў попел. І каміны званамі звоняць на месцы спапялёных хат. Прыходзька.

спапялі́цца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ператварыцца ў попел.

2. перан. Растраціцца ў барацьбе з чым‑н., у перажываннях (пра жыццё, сілы і пад.). Цяпер ты ўведала — на свеце варта жыць, Гарэць, тужыць і спапяліцца ў дзеях. Чарнушэвіч.

спапялі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Спаліць датла, ператварыць у попел. Хадзіў агонь на двор з двара, Жалобна ветры вылі. Славуты домік песняра Фашысты спапялілі. А. Александровіч. Усё пярун тут спапяліў. Тут балявала смерць па-царску. Дайнека. / у перан. ужыв. Вочы .. [Сёмкі] гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой. Лынькоў.

2. перан. Растраціць у барацьбе з чым‑н. (жыццё, сілы і пад.). А ці не надта замнога для лёсу аднаго пакалення каханняў, надзей, запаветных імкненняў спапяліў ваенны пажар? Лукша.

спапяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да спапяліцца.

2. Зал. да спапяляць.

спапяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да спапяліць.

спарава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спаравання; злучны. Спаравальны перыяд. // Прызначаны для спаравання. Спаравальны пункт.

спарава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спараваць.

спарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спараваць.