Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спадцішка́, прысл.

Скрытна, ціха, непрыкметна. Маці ўхадзілася, палезла на печ, прылегла на ўскраі і спадцішка пазірала за дачкой. Пальчэўскі. Спадцішка шкодзіць Лемяшэвічу загадчык навучальнай часткі школы Арэшкін. Кучар.

спа́дчына, ‑ы, ж.

1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну. Машара. Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў. Танк. // перан. Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры. Лобан. / Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага. Панчанка. З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну. Нядзведскі. // Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам. «Помнікі». [М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай. Гілевіч.

2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Звязда». Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца. Суднік. Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну. Лойка.

3. Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.

спадчынада́вец, ‑даўца, м.

Асоба, якая перадае спадчыну каму‑н.

спа́дчыннасць, ‑і, ж.

1. Захоўванне і перадача праз пакаленні падабенства ў знешняй і ўнутранай будове, а таксама і ў жыццёвых працэсах арганізма.

2. Уласцівасць спадчыннага (у 2 знач.). Развіццё агульнагарадскога ансамбля ажыццяўляецца на аснове спадчыннасць. «Помнікі».

3. Тое, што і спадчына (у 2 знач.). [Галена:] Што я плачу? Гэта.. спадчыннасць старая, з забітай вёскі асталася яшчэ. Чорны.

4. Спец. Тое, што і спадчына (у 3 знач.). Уласнік гэтага пляца, паспеўшы зацвердзіцца ў правах спадчыннасці, падаў на ўласніка завода ў суд. Чорны.

спа́дчыннік, ‑а, м.

Тое, што і наследнік. Андрэй стаў адзіным памочнікам у бацькі і спадчыннікам пакрыўленай хаціны, дзіравага хлеўчыка, у якім стаялі старая аднавокая кабыла ды карова Лысуха, і пунькі, што служыла адначасова і гумном. Хадкевіч. Нарадзіўся сын. Спадчыннік. Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба. Караткевіч.

спа́дчынніца, ‑ы, ж.

Жан. да спадчыннік.

спа́дчынны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спадчыны (у 1, 3 знач.). Спадчыннае права. □ Сузан бярэ кавалачак паперы і скрупулёзна выпісвае лічбу за лічбай. Вось гэта давядзецца аддаць, як спадчынны падатак. Лынькоў. // Які з’яўляецца спадчынай (у 1 знач.); атрыманы ў спадчыну. Мой тата прадаў вашым сваю спадчынную дзесяціну. Чорны. Каб усё ж выратаваць.. [Зыгмунта] ад кадэцкага корпуса, давялося аддаць паліцэйскаму ўсё спадчыннае серабро. Якімовіч. Мы адраджалі гаспадарку на трох з паловай дзесяцінах спадчыннай зямлі. Таўлай.

2. Звязаны з спадчыннасцю (у 1 знач.). Памру я таксама хутка, стары! У нас гэтая хвароба спадчынная. Хведаровіч.

3. Які ідзе ў парадку пераемнасці ад аднаго да другога, заснаваны на гэтым пераходзе. Спадчынны князь.

спадылба́, прысл.

З-пад нахмураных броваў, недаверліва, злосна (глядзець і пад.). Ваўчок камячыў у руках паперку, углядаючыся ў яе і час ад часу пазіраючы спадылба на Паходню. Хадкевіч. Гаспадар толькі глянуў спадылба і не адказаў нічога. Навуменка.

спады́спаду, прысл.

Знізу, з ніжняга боку. Памачыў [Тараска] пёрка ў тут і намазаў кошцы лапкі спадыспаду, самыя лапкі. Юрэвіч. Пад гарой вялізны камень, сівы ад моху і мокры спадыспаду. Асіпенка. // З-пад чаго‑н. Але вось спадыспаду я выцягнуў яшчэ адну кніжку — «Зямлю» Кузьмы Чорнага. Лобан. // перан. З самых глыбінь чаго‑н. Я сядзеў, успамінаў бацьку, і аднекуль з сярэдзіны, спадыспаду, з самай душы, лезла, кралася думка: майму бацьку ўсё ж будзе лягчэй, чым дзядзьку Яўмену. Сачанка.

спажы́ва, ‑ы, ж.

1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.

2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.

3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.