спадаро́жнікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штучнага спадарожніка, атрымліваецца пры дапамозе штучных спадарожнікаў. Чатыры разы на дзень прымаецца спадарожнікавая інфармацыя. «Маладосць».
спадаро́жніца, ‑ы, ж.
Жан. да спадарожнік (у 1, 2 знач.).
спадаро́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да спадарожніка (у 1, 3 знач.).
спадаро́жнічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спадарожнічаць.
спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.
2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.
3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.
спадаро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які рухаецца ў адным кірунку з чым‑н. Якраз дзьмуў вецер спадарожны. Аўрамчык. Ад бліжэйшай да МТС чыгуначнай станцыі юнак дабіраўся на спадарожнай машыне. Даніленка. / у знач. наз. спадаро́жны, ‑ага, м. Спадарожныя стаялі на беразе і казалі: «Глядзі ты, які .. наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць». Колас.
2. Які сустракаецца на шляху, на дарозе. Спадарожная станцыя. Спадарожная вёска.
3. Які існуе поруч, разам з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. асноўнаму. Спадарожныя газы. □ У каментарыях .. не прыводзяцца спадарожныя элементы бытавання і расказвання казак, запісаных у пасляваенны час. Саламевіч.
спада́ць, ‑ае; незак.
1. Незак. да спасці.
2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.
3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.
спада́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спадаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Спец. Які памяншаецца ў велічыні, аб’ёме і пад. Спадаючая прагрэсія. Спадаючая ўрадлівасць.
3. Дзеепрысл. незак. ад спадаць.
спа́дзістасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спадзістага; паступовае паніжэнне якой‑н. паверхні. Спадзістасць берага. Нізіна мае спадзістасць да Дняпра.