спадзява́нне, ‑я, н.
Чаканне нечага, што павінна адбыцца, здзейсніцца, надзея на што‑н. У гэтай усмешцы былі і просьба, і раскаянне, і спадзяванне на нешта добрае і вялікае. Гамолка. Знікалі ўсе .. добрыя намеры і спадзяванні [Рыгора] пабудаваць сям’ю. Краўчанка. // Пра чалавека, на якога спадзяюцца, ускладаюць свае надзеі. І засталася б у маім жыцці Ты лепшай марай, лепшым спадзяваннем. Макаль.
спадзява́цца, ‑дзяю́ся, ‑дзяе́шся, ‑дзяе́цца; ‑дзяёмся, ‑дзеяце́ся; незак.
1. на што, з інф., без дап., са злучн. «што». Мець надзею, спадзяванне, разлічваць на што‑н. Ішоў [Папас] вуліцаю ля кааператыва, спадзяваўся напаткаць каго [са] знаёмых. Галавач. Ілка ўсё яшчэ на нешта спадзяецца і сядзіць на месцы. Лупсякоў. А я ўсё спадзяваўся І верыў... Эх, надзеі! Калачынскі. // чаго, са злучн. «што». Чакаць чаго‑н. Апошнія словы балюча кальнулі Сцёпку, хоць гэтага ён і спадзяваўся ад бацькі. Колас. Што дасі заўтра, доля зманлівая, Спадзяюся пацехі я мала. Купала. — Гм, — паморшчылася пані, — гм, я не спадзявалася, што ты кепска выхаваны. Бажко. / 1 ас. адз. цяпер. спадзяю́ся, у знач. пабочн. [Доктар:] — А тое, што я тут вам гаварыў, спадзяюся, застанецца між намі. Машара. [Ганя:] — Без маёй прысутнасці вы, спадзяюся, усё высветліце і разберацеся... Грамовіч.
2. на каго-што. Мець упэўненасць у кім‑, чым‑н.; мець спадзяванні на каго‑н. А сябры чакаюць, спадзяюцца на яго — Янку Корвуна. П. Ткачоў. Значыць, .. [Рабы] хітруе і не вельмі спадзяецца на мяне. Якімовіч. На .. [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.
•••
Спадзявацца на манну нябесную — разлічваць на выпадковую ўдачу, на што‑н. дармавое.
спадкае́мец, ‑мца, м.
1. Асоба, якая атрымала спадчыну або мае права на яе; наследнік.
2. перан. Той, хто працягвае чые‑н. традыцыі, чыю‑н. дзейнасць.
спа́дкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго‑н. Калі ж Фэлькі не стала, дык хвалёная багатырка Марыля мігам прыджгала ў Цімкавічы па бацькавы спадкі. С. Александровіч.
спадле́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які спадлеў, стаў нягоднікам.
спадле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць заўзятым нягоднікам.
спадні́зу, прысл.
Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.
спадні́ца, ‑ы, ж.
1. Жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз. Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. Спадніца і кофтачка, што прынесла маці, былі просценькія, злінялыя. Карпаў.
2. перан. Разм. Пра жанчыну (як прадмет цягі мужчын). На адно ён [Мікіта] здацен — Бегаць за спадніцай. Бачыла. [Сулькіна:] — Самаачыстку трэба весці сістэматычна. Нам таксама неабходна выгнаць усіх тых, якія здольны ганяцца за ўсякаю спадніцаю. Гурскі.
•••
Трымацца за спадніцу гл. трымацца.
спадні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да спадніца (у 1 знач.); кароткая спадніца. Па дашчаным тратуары, раз-пораз пырскаючы смехам, выдыбаюць даўганогія дзяўчаты ў кароценькіх спаднічках. Навуменка.