спажы́ва, ‑ы, ж.
1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.
2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.
3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.
спажыва́льнік, ‑а, м.
Той, хто (або тое, што) спажывае што‑н. Расліна — спажывальнік азоту.
спажыва́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да спажывання. Спажывальны фонд.
спажыва́нне, ‑я, н.
1. Ужыванне ў якасці прадуктаў харчавання і пад. Спажыванне малака і малочных вырабаў.
2. Выкарыстанне чаго‑н. для задавальнення якіх‑н. патрэб. Спажыванне паліва. Тавары народнага спажывання.
спажыва́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да спажываць.
спажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спажыць.
спажыва́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер ад спажываць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, які толькі спажывае сельскагаспадарчыя прадукты, але не робіць іх, або робіць у недастатковай колькасці (пра раён, вобласць і інш.).
3. Дзеепрысл. незак. ад спажываць.
спажыве́ц, ‑жыўца, м.
1. Асоба або арганізацыя, якія спажываюць што‑н. (прадукты чыёй‑н. вытворчасці, энергію, сыравіну і пад.). [Сцяпан Андрэевіч:] — Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла. Гурскі. Пакуль што, да пуску лаўсанавага камбіната, найвялікшы ў горадзе спажывец вады — Магілёўскі завод штучнага валакна. «Полымя».
2. Пакупнік. Фірмам патрэбен глядач — спажывец іх тавараў. Філімонаў.
3. перан. Неадабр. Той, хто імкнецца толькі да задавальнення сваіх патрэб. Мяшчанам, спажыўцам, эгаістам мякішавым аўтар супрацьставіць шчырых савецкіх людзей. Рамановіч. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывы думак чыстых?! Звонак.
спажыве́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да спажыўца. Спажывецкі попыт.
2. Які служыць для задавальнення якіх‑н. патрэб. Спажывецкія тавары. Спажывецкая кааперацыя. □ Тут некалі былі склады раённага спажывецкага саюза. Лынькоў.
3. перан. Характэрны для чалавека, які імкнецца задаволіць толькі ўласныя патрэбы. Адкуль усё-такі ў некаторых падлеткаў спажывецкія адносіны да жыцця? «Маладосць». Стафанковіч выхаваў свайго сына эгаістам, сябелюбцам, чалавекам са спажывецкімі адносінамі да жыцця. Луфераў.
•••
Спажывецкая вартасць гл. вартасць.