Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спа́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаяць.

спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.

2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».

3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.

4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.

спа́йнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць крышталяў падзяляцца на лістападобныя палосы.

спа́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які валодае спайнасцю.

спа́йшчык, ‑а, м.

Спец. Рабочы, які займаецца спайкай.

спакава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спакаваць.

спакава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

Скласці, сабраць свае рэчы, багаж і пад. Што датычыць самога Басько, то ён спакаваўся і назаўсёды пакінуў Лісітнік, у якім працаваў настаўнікам аж з самых трыццатых гадоў, калі яшчэ толькі арганізоўваліся калгасы. Ермаловіч.

спакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Укласці ў чамадан, увязаць у скрутак і пад. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць. Гроднеў. Альшэўскі спакаваў у чамадан небагатыя падарункі, пайшоў на вакзал. Навуменка.

спакайне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. спакойны.

спакайне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца больш спакойным. Арына, нягледзячы па няшчасце з Лёдзяй, спакайнела з днямі, менш ужо божкала і амаль не сунімала весялосці сваіх. Карпаў. Лес спакайнеў, насцярожваўся — вечарэла. Сачанка. Голас [Крамарэвіча] спакайнеў і позірк цвярдзеў. Чорны.