спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.
2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.
3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».
спаку́снік, ‑а, м.
Той, хто спакушае каго‑н. на што‑н. дрэннае; звадыяш. Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Караткевіч. // Той, хто ўступае ў інтымную сувязь, зводзіць жанчын і дзяўчат. Маючы на ўвазе, відавочна, яго колішнюю нясмеласць з Зосяй, аўтар чамусьці схільны лічыць свайго героя хутчэй скромнікам, святошам, чым спакуснікам. Перкін.
спаку́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да спакусы, здольны спакусіць.
спаку́таваны, ‑ая, ‑ае.
Змардаваны, змучаны. Яго апраўдаюць усе, што б ні здарылася. Але сам ён [Яраш] не даруе сабе, калі гэта спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Шамякін. Рыва пакідае есці і спакутаванымі вачыма глядзіць на старых гаспадароў. Васілевіч.
спаку́тавацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Змардавацца, змучыцца. У.. словах Кузьмы Чорнага гаворка ідзе аб канкрэтным чалавеку, селяніне, які спакутаваўся на вайне, які прагне мірнага жыцця і работы. Кучар.
спаку́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спакусіць.
спакуша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спакусіцца.
2. Зал. да спакушаць.
спакуша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спакусіць.