Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аслабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца фізічна слабым, нядужым. [Алесь:] — Мяне ранілі, я аслабеў, не магу ісці. Адамчык. У .. [Макса Вэла] аслабелі рукі і ногі, ён дрыжаў. Гамолка. // Страціць ранейшую душэўную сілу. Аслабець духам. Воля аслабела. // Страціць ранейшую палітычную і эканамічную магутнасць. // Стаць менш вострым на ўспрыманне, прытупіцца. Мне нават падумалася, ці не аслабелі ад пажылога ўжо ўзросту яго [Ціхона] заўсёды неспакойныя вочы? Паслядовіч.

2. Зменшыцца ў сіле свайго выяўлення. Парадзела група, у якой быў Каляда, аслабеў агонь супраціўлення. Гурскі. [Пракоп:] — Апошнія паведамленні зараз будуць. Можа што пра марсіянскую касмічную лабараторыю скажуць. Нешта сігналы ў апошні час аслабелі. Шыцік. Шпарка трацячы свядомасць, .. [Кастусь] прабег колькі крокаў, і хада яго адразу аслабела. Чорны.

асла́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Стаць слабейшым, паслабіцца. Вузел, нарэшце, аслабіўся пад яе пальцамі, Ігнаціха расшмаргнула завязку і, глянуўшы ў мяшок, прысела ад радасці — у ім было поўна курэй. Капыловіч.

асла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць каго‑, што‑н. яго былой сілы. [Камандзір:] — Справа ясная: раздзяліцца — гэта напалову аслабіць нашы сілы. Брыль.

2. Зменшыць сілу, ступень, напружанасць чаго‑н. Аслабіць дысцыпліну, рэжым, увагу. Аслабіць выхаваўчую работу.

3. Зрабіць не такім нацягнутым, не такім тугім. Аслабіць папругу. □ І зноў ляцець... Дуга хай звоніць, Пакуль конь лейцы не аслабіць. Чарот. Конь падаўся назад.. і аслабіў пастронкі. Чорны. // Зрабіць не такім напружаным. Дзяўчына.. намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Мележ.

•••

Аслабіць гайкі — знізіць патрабаванні.

аслабле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аслабляць — аслабіць.

2. Стан паводле знач. дзеясл. аслабець.

асла́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад аслабіць.

2. у знач. прым. Знясілены, пазбаўлены сілы. // Зменшаны ў сіле чаго‑н. // Менш сцягнуты, сціснуты.

асла́блы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і аслабелы. Празвінеў трамвай, засвяціўшы вокнамі, нібы дапамагаючы аслабламу восеньскаму сонцу. Шахавец.

аслабля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да аслабляць.

аслабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да аслабіць.

асла́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аслаб, ‑ла; зак.

Разм.

1. Тое, што і аслабець.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць менш нацягнутым, тугім. Бабуля ляжыць галавой на покуце, нізка над вачыма абвязаная хусткай, якая аслабла і аб’ехала на вочы. Брыль.

•••

Аслаблі гайкі ў каго гл. гайка.

аслані́ць, асланю, аслоніш, аслоніць; зак., каго-што.

Разм. Ахінуць, акружыць, засланіць.