Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асіпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да асіпнуць.

асі́пласць, ‑і, ж.

Уласцівасць асіплага.

асі́плы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў чысціню і гучнасць голасу; сіпаты. Асіплыя гудкі. □ Глухаватым, асіплым голасам.. [Андрэй Іванавіч] запеў калыханку. Лынькоў.

асі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. асіп, ‑ла; зак.

Страціць чысціню і гучнасць голасу; стаць сіпатым. Агні згаслі ў вачах, і голле асіп, быццам глытнуў з гарачае смагі сцюдзёнай вады. Мікуліч. / у перан. ужыв. Але голас фагота Чамусьці асіп, Вось і флейты сыгралі Апошняе скерца. Глебка.

асіраце́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць асірацелага. Ганна выцірала дзецям тварыкі фартухом і крыху плакала, нічога не кажучы пра сваю жаночую асірацеласць. Пестрак.

асіраце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў сіратою. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак, і часта адказам на гэтыя пісьмы быў горкі плач асірацелых дзяцей і маладых удоў. Колас. Пан Чапкоўскі загадаў .. [Анэлі] карміць сваім малаком асірацелых шчанят. Бядуля. // перан. Які страціў блізкага, любімага чалавека. // перан. Пакінуты гаспадарамі, насельнікамі; запусцелы, закінуты. Асірацелае сяло. □ Асірацелыя старыя дубы ў чорных шапках бусліных гнёздаў спакойна стаялі, не варушачы ніводным лістом. Колас. Гарэлі хаты, недаўменна раўлі асірацелыя каровы. Брыль.

асіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сіратою. Да.. [хлапчука] падышла адна з жанчын і, пагладзіўшы па галаве, сказала: — Асірацеў ты, хлопча, сіратою праз што зрабіўся, .. божачка мой. Галавач. // перан. Адчуць сябе адзінокім, страціўшы блізкага, любага чалавека. Сям’я арлоў асірацела — Арла магутнага не стала. Колас. // перан. Апусцець, стаць бязлюдным, пустэльным. Палёгкі апусцелі, асірацелі птушыныя гнёзды, ды густыя, чорныя хмары суцэльнай заслонай навіслі над зямлёю. Кавалёў. [Марына:] — Адны, сыночак, мы, адны! Забралі татку ў нас паны, Асірацела наша хата. Колас.

асіраці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго.

Зрабіць каго‑н. сіратою (сіротамі). [Харытон:] — «За што ж гэта, — сказаў я Антосю, — та, не падумаўшы, Ігнатавых дзяцей асіраціў?» Бажко. Браты беларусы! Хіба мы даруем фашысцкім гадам тое, што яны разбурылі нашы гарады, што яны асірацілі гэтулькі нашых дзяцей. Купала. // перан. Зрабіць адзінокім, пазбавіўшы блізкага, дарагога чалавека. Але і яго ж, Міхала, вайна таксама асіраціла, адабрала ў яго сям’ю, дом. Васілевіч.

асіро́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад асіраціць.

асіры́ец,

гл. асірыйцы.