асігнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
Выдзеліць пэўныя грашовыя сродкі на якія‑н. патрэбы, выдаткі. На развіццё сельскай гаспадаркі дзяржава асігнавала вялікія сродкі.
асігна́цыя, ‑і, ж.
Назва папяровых грашовых знакаў, якія выпускаліся ў Расіі з 1769 да 1843 г. Курс рубля асігнацыямі. Размен асігнацый. // Папяровы грашовы знак наогул.
[Фр. assignation.]
асігно́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да асігноўваць.
асігно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асігнаваць.
асігно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
Дакумент, адрасаваны банку распарадчыкам крэдыту, паводле якога банк праводзіць выплату або пералічэнне асігнаванай сумы.
асі́лак, ‑лка, м.
Герой беларускіх казак, легенд, воін незвычайнай сілы, мужнасці і розуму; волат. Выхапіў асілак Дубавік свой востры меч і адсек цмоку ўсе тры галавы. Якімовіч.
асі́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад асіліць.
асі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Аказацца мацнейшым у барацьбе, сутычцы, бітве; перамагчы, адолець. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць. Танк. — Не змаглі вы самі асіліць Золата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі. // перан. Перасіліць, пераадолець, перамагчы пачуццё хвалявання, страху і пад. Не зможа нас лютае гора асіліць. Танк.
2. Выканаць работу, што патрабуе фізічных намаганняў, вялікай затраты часу. Мо таму, што не ўсе пакасілі За ракою лугі-мурагі, Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, злажыць у стагі? Непачаловіч. // Засвоіць, зразумець што‑н.; справіцца з чым‑н., пераадолеўшы цяжкасці, перашкоды. Асіліць англійскую мову.
асі́лкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да асілка, належыць асілку. // Такі, як у асілка. Шчыток, якім чалавек прыкрываў свой твар, надаваў яго постаці нешта велічнае, асілкавае. Сабаленка. Можа тысячны раз.. [Галіна Адамаўна] залюбавалася яго [Яраша] асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі. Шамякін.
асі́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асіліць.