асеці́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да Асеціі, асецінаў. Асецінская мова. Асецінская парода авечак.
асеці́ны, ‑аў; адз. асецін, ‑а, м.; асецінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. асецінкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Паўночна-Асецінскай АССР і Паўднёва-Асецінскай аўтаномнай вобласці.
асе́ць, ‑і, ж.
Прыбудоўка да тока, у якой сушаць снапы.
асе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Адсутнасць выстралу пры спуску курка ў выніку няспраўнасці зброі або патрона. Тадэўчык.. прыцэліўся і націснуў курок. — Асечка! Порах, мабыць, мокры... Бядуля. // перан. Разм. Няўдача, прамашка ў якой‑н. справе. Відаць, Бародка разлічваў на іншы эфект: па-мужчынску пажартуюць — і ўсё.. Але яўна атрымалася асечка, і Арцём Захаравіч ураз забыўся на кулінарыю, павярнуўся да Лемяшэвіча расчырванелы, калючы. Шамякін.
асёл, асла, м.
1. Роднасная каню ўючная свойская жывёліна, звычайна шэрай афарбоўкі, з доўгімі вушамі.
2. Лаянк. Пра дурнога, тупога, упартага чалавека.
асіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Пасівець, ссівець. [Аміля:] — Позна ты цяпер ужо думаеш выйсці ў вялікія маштабы. Галава твая асівела. Чорны.
асігнава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. асігнаваць.
2. часцей мн. Асігнаваная сума. Асігнаванні на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы. Асігнаванні на лячэбнае харчаванне. Асігнаванні на ахову працы.
асігнава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад асігнаваць.
асігнава́цца, ‑нуецца; незак.
Зал. да асігнаваць.