Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асвядо́мленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асвядомленага. Здзіўляў Іван усіх сваёй асвядомленасцю. Шахавец.

асвядо́млены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад асвядоміць.

асвядо́млівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да асвядомліваць.

асвядо́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да асвядоміць.

асвяжа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прыносіць, дае асвяжэнне. Удзень.. [мянтуз], як правіла, спіць дзе-небудзь у нары пад берагам, пад карчамі і каменнямі, дзе нават у самы поўдзень стаіць паўзмрок і такі прыемны для яго асвяжальны халадок. Матрунёнак.

асвяжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да асвяжыцца.

2. Зал. да асвяжаць.

асвяжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да асвяжыць.

асвяжы́цца, асвяжуся, асвяжышся, асвяжыцца; асвяжымся, асвежыцеся; зак.

1. Стаць свежым, чыстым. Змог расою за ноч асвяжыцца Прагавіты да вільгаці стэп. Астрэйка.

2. Пабыўшы на свежым паветры, абліўшыся вадой і г. д., аднавіць свае сілы, вярнуць сабе бадзёрасць. Уся група, абудзіўшыся, прыняла параду Малашкіна — асвяжыцца ў рэчцы, што і было зроблена з вялікай прыемнасцю. Пестрак. // перан. Набрацца новых уражанняў, рассеяцца. І часта ў дні вучобы, калі быў стомлены, заўсёды спяшаўся туды [на Красную плошчу], каб асвяжыцца і набрацца бадзёрасці. Сяргейчык.

3. Аднавіцца ў памяці.

асвяжы́ць, асвяжу, асвяжыш, асвяжыць; асвяжым, асвежыце; зак., каго-што.

1. Зрабіць свежым, чыстым. Першы снег асвяжыў паветра, зрабіў яго прыемным для чалавека. Галавач. Разам з кветкамі ў пакой уварвалася вясна, асвяжыла яго, упрыгожыла. Васілевіч. // Выклікаць адчуванне свежасці, халадку; ахаладзіць. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Броўка.

2. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць. Тацяна.. напілася, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пражыла вочы. Вада асвяжыла, прагнала сон. Шамякін.

3. Абнавіць, паднавіць. Асвяжыць фарбы. Асвяжыць туалет. □ Учора.. [суседка] прыйшла да іх, пасядзела трошкі, пагаварыла, ды кажа: — Пайду хіба дахаты. Думаю к святу аканіцы асвяжыць. Пальчэўскі.

4. Аднавіць у памяці. Трэба было яшчэ раз перад дзяржаўным экзаменам.. асвяжыць усё ў сваёй памяці. Шахавец.

асвяжэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. асвяжаць — асвяжыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. асвяжацца — асвяжыцца.