асае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Драпежная птушка сямейства ястрабіных, якая жывіцца пераважна насякомымі, у прыватнасці восамі.
асака́, ‑і, ДМ асацэ, ж.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства асаковых з вузкім, доўгім і жорсткім лісцем. Лясная, пясчаная асака. □ Па адзін і па другі бок дарогі ляжалі чатырохкутныя сажалкі, як вялізныя люстры, акаймаваныя густымі кустамі светлалістага лазняку, буйнай асакі і кветак. Чарнышэвіч.
асако́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да асакі. Навокал агню і дуба насцелена многа асаковага сена, каб мякчэй было адпачываць касцам. Пестрак.
2. у знач. наз. асако́выя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца асака, падвей, чарот і інш.
асалаве́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць асалавелага. Зноў знікла асалавеласць, з явілася яшчэ большая натхнёнасць, чым раней. Бядуля.
асалаве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў расслабленым; санлівы, атупелы. Асалавелы выгляд. Асалавелыя вочы. □ Іван і ўраднік надзяваюць шапкі, бяруць пад ручкі асалавелага старшыню і, хістаючыся, вядуць яго з хаты. Сяргейчык.
асалаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць расслабленым, санлівым у выніку зморанасці або ап’янення; атупець. Калачык разы тры зацягнуўся дымам, асалавеў, пасядзеў некалькі хвілін, абапёршыся на стол, тады падсунуўся да Алеся, зашаптаў ціхенька, сочачы вачамі за Арынай. Чарнышэвіч.
асалапе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Разгубіцца, збянтэжыцца, страціць здольнасць разумець. Зелянюк на момант асалапеў, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі. Зарэцкі. Агей стаяў утрупянелы і не ведаў, што яму падумаць. — Што асалапеў? — крыкнулі недзе зверху. Крапіва.
асало́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Вышэйшая ступень задавальнення, адчування прыемнага. Перайсці ж уброд раку летам — адна асалода. Колас. Сейбіт меў асалоду — Жыта слаўна ўрадзіла! Броўка. Бародка ўзяў са скрыначкі на стале папяросу і моўчкі закурыў, з асалодай зацягнуўся і зажмурыўся, нібы раптам прыдумаў сродак, як абараніцца ад нечаканай навалы. Шамякін.
асамбле́я, ‑і, ж.
1. Агульны сход членаў якой‑н. міжнароднай арганізацыі. Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
2. Уст. Баль, вечар з забавамі ў эпоху Пятра І.
[Фр. assemblée.]
асана́нс, ‑у, м.
Паўтарэнне ў вершы аднолькавых або падобных галосных гукаў; недакладная рыфма, у якой супадаюць толькі націскныя галосныя гукі.
[Фр. assonance.]