арэ́шнік, ‑у, м.
Арэхавае кустоўе; ляшчыннік. Пышна спляталіся па адхонах балотнага вострава густыя параснікі малінніку, арэшніку, маладога бярэзніку і дубняку. Лынькоў. Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі, арэшнік на абручы з сваіх лепшых запасаў. Бядуля.
арэ́шнікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да арэшніку. Арэшнікавы зараснік.
арэ́шнікавыя, ‑ых.
Сямейства двухдольных раслін, пладамі якіх з’яўляюцца касцянка або арэх.
арэ́шына, ‑ы, ж.
1. Лісцевае дрэва сямейства бярозавых, на якім растуць плады, вядомыя пад назвай лясных арэхаў; ляшчына. Хусцінка белая мільгнулася і знікла Паміж арэшын. Панчанка. Тонкая арэшына сагнулася і зашастала па лісці. Бажко.
2. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва; матэрыял.
ас, ‑а; Р мн. асаў; м.
Лётчык-знішчальнік, які выдатна авалодаў лётным і баявым майстэрствам, майстар паветранага бою.
[Фр. as — туз.]
аса́, ‑ы; мн. восы, восаў; ж.
Перапончатакрылае з джалам насякомае. Залацістымі іголкамі прашывалі паветра навокал яго [ствала дрэва] імклівыя жоўтыя восы. Лынькоў.
•••
Асою лезці ў вочы гл. лезці.
асабі́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць пэўнай асобе, якім карыстаецца гэта асоба. Асабістая ўласнасць, бібліятэка, зброя, думка. Асабісты вопыт. // Прызначаны для абслугі якой‑н. асобы. Асабістая ахова. Асабісты прадстаўнік. Асабісты сакратар. // Уласцівы пэўнай асобе. Асабісты недахоп. Асабістыя якасці, перажыванні.
2. Які датычыцца якой‑н. асобы, закранае яе інтарэсы. Асабістая крыўда. Асабістыя правы грамадзян. Асабістая патрэба. // Звязаны з прыватным, сямейным жыццём, з прыватнымі, сямейнымі адносінамі пэўнай асобы. Асабістае шчасце. / у знач. наз. асабі́стае, ‑ага, н. Гарманічнае спалучэнне асабістага з грамадскім. // Які накіраваны на пэўную асобу, закранае яе. Асабістая знявага. Асабісты вораг.
3. Які ажыццяўляецца пэўнай асобай, які зыходзіць ад пэўнай асобы. Асабісты прыклад. Асабістая прысутнасць, ініцыятыва, зацікаўленасць.
асаблі́васць, ‑і, ж.
Характэрная, адметная ўласцівасць, якасць, прыкмета каго‑, чаго‑н. Псіхічныя асаблівасці чалавека. Асаблівасці правапісу.
асаблі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Не падобны да іншых; не такі, як усе, адметны. [Лялькевічу] хацелася сказаць.. [Сашы] нейкія асаблівыя, надзвычай цёплыя і сардэчныя словы. Шамякін.
2. Больш значны, чым звычайна. Максім з нейкай асаблівай акуратнасцю павесіў на куст складзены і ўсё яшчэ доўгі ру[ч]нік. Брыль.
асабня́к, ‑а, м.
Дом багатага ўласніка, пабудаваны асобна для адной сям’і. Белы двухпавярховы асабняк.. быў аддзелены ад вуліцы нешырокім палісаднікам. Маўр.