Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

камба́йн, ‑а, м.

Складаная машына, якая адначасова выконвае работу некалькіх машын або механізмаў. Збожжаўборачны камбайн. Сіласаўборачны камбайн. Горны камбайн. Самаходны камбайн. Тэкстыльны камбайн замяняе прадзільную, круцільную і сушыльную машыну. □ Цапы на сяле заглушыўшы, Бушуе камбайн-малатарня. Купала.

[Англ. combine.]

камбайнабудава́нне, ‑я, н.

Галіна машынабудавання, якая вырабляе камбайны.

камбайнава́нне, ‑я, н.

Уборка сельскагаспадарчых культур камбайнам. Суцэльнае прамое камбайнаванне.

камба́йнавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камбайна. Камбайнавы агрэгат. Камбайнавы нож. // Які выконваецца з дапамогай камбайна. Камбайнавая ўборка збожжа. Камбайнавая здабыча вугалю.

камба́йнер, ‑а, м.

Механізатар, які працуе на сельскагаспадарчым камбайне. А цяпер вакол шчаціна пожні. Прыйдуць трактары араць сюды, Бо дажаў пшаніцы клін апошні Толькі што камбайнер малады. Смагаровіч.

камба́йнерка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да камбайнер.

ка́мбала, ‑ы, ж.

Прамысловая марская рыба сямейства камбалавых са сплюснутым целам і вачамі на адным баку.

[Фінск. campela.]

ка́мбалавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да камбалы.

2. у знач. наз. ка́мбалавыя, ‑ых. Сямейства касцістых рыб, да якога адносяцца камбала, палтус і інш.

камба́т, ‑а, М ‑баце, м.

1. Камандзір батальёна.

2. Камандзір батарэі.

камбе́давец, ‑даўца, м.

Член камітэта беднаты. Упершыню з’яднаным гуртам Мы з камбедаўцамі вырашылі стварыць калгас. Куляшоў.