артысты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць артыстычнага; высокае майстэрства, віртуознасць. Артыстычнасць выканання.
артысты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да артыста. Артыстычныя здольнасці. // Уласцівы артысту. Артыстычная натура.
2. Які вызначаецца артыстызмам; майстэрскі, віртуозны.
артышо́к, ‑а, м.
Травяністая расліна сямейства складанакветных з трубчастымі, мясістымі фіялетавымі кветкамі. // Мясістая кветкавая галоўка гэтай расліны, якая ўжываецца ў ежу.
[Ням. Artischoke.]
артэзія́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў глыбокіх ваданосных слаях пад натуральным ціскам; глыбінны. Артэзіянскія воды. // перан. Вельмі глыбокі, глыбінны. Высокая культура творчасці.. заключаецца ў.. выдатным уменні пранікаць у артэзіянскія глыбіні чалавечых сэрцаў. Адамовіч.
•••
Артэзіянскі калодзеж гл. калодзеж.
[Ад назвы фр. правінцыі Артуа (лац. Artesium).]
артэ́рыя, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.
1. Крывяносны сасуд, які нясе кроў ад сэрца да розных органаў цела. Лёгачная артэрыя. Сонная артэрыя.
2. перан. Шлях зносін (асабліва водны). Транспартная артэрыя. □ Самая буйная рачная артэрыя Поўначы БССР — Заходняя Дзвіна. Прырода Беларусі.
[Грэч. atrēria.]
артэрыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да артэрыі (у 1 знач.). Артэрыяльная кроў. Артэрыяльны крывяны ціск.
артэрыясклеро́з, ‑у, м.
Хранічнае захворванне артэрый, якое выяўляецца ў патаўшчэнні і пашчыльненні іх сценак.
ару́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Абл. Адгароджанае месца ў клеці, куды ссыпаюць збожжа, муку і пад.; засек. [Сцяпан:] Яшчэ я на тое ёсць, і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд. Купала. Потам крывавым абліты здабытак ехаў у панскія свірны, аруды. Дубоўка. Руні ў аруды не кладуць. Прымаўка.
ару́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
Разм.
1. чым. Дзейнічаць пры дапамозе якой‑н. прылады. Арудаваць сякерай, пяром, пікай. □ [Іван] закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай. Лынькоў.
2. Распараджацца, кіраваць чым‑н.; гаспадарыць дзе‑н. [Зіна:] — [Муж] на «анамаліі» арудуе, а.. [Фрося] — дырэктар навукова-даследчай станцыі. Васілевіч. // Праяўляць дзейнасць (звычайна адмоўную); дзейнічаць. [Віхура:] На будаўніцтве не ўсё ў парадку. Відаць, чыясьці рука лоўка арудуе. Гурскі. Уперадзе.. [Галаўнёў] заўважыў Карпенку, які з купкай байцоў арудаваў сярод фашыстаў. Дудо.
арудзяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які ператварыўся ў руду ў выніку насычэння тымі або іншымі металамі.