Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арніталагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арніталогіі.

арнітало́гія, ‑і, ж.

Раздзел заалогіі, які вывучае птушак.

[Ад грэч. ornis — птушка і logos — вучэнне.]

арніто́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па арніталогіі.

аро́л, арла, м.

1. Буйная драпежная з загнутай дзюбай птушка, якая жыве пераважна ў гарыстых або стэпавых мясцовасцях. Стэпавы арол. Арол-беркут. Белы арол. □ За вагонам вагон Мчыцца змеем ліхім.. Так ні конь, ні алень, Ні арол не ляціць. Колас. Арлу з савою не па дарозе. Прымаўка. Над пешым арлом і сарока з калом. Прымаўка.

2. перан. Пра чалавека мужнай прыгажосці, адважнага, удалага, смелага. [Дзед:] — Зірні толькі, што за арол! Колас. — Ты вунь глянь на арлоў сваіх, — паказвае.. [Краўцоў] Ігнату на хлапцоў. Кавалёў.

•••

Двухгаловы арол — малюнак (фігура) арла з дзвюма галовамі на дзяржаўным гербе царскай Расіі.

Глядзець арлом гл. глядзець.

Ляцець арлом гл. ляцець.

Хадзіць арлом гл. хадзіць.

арпе́джыо,

1. прысл. Спец. Спосаб выканання акордаў, пры якім тоны, што іх складаюць, бяруцца не адначасова, а па чарзе, звычайна ад ніжняга да верхняга.

2. у адз. нескл.; мн. арпе́джыі, ‑яў, н. Сам акорд, які выконваецца гэтым спосабам.

[Іт. arpeggio.]

арсена́л, ‑а, м.

1. Склад зброі і ваеннай амуніцыі. Арсенал Пётрапаўлаўскай крэпасці. // перан.; чаго. Запас, вялікая колькасць чаго‑н. Арсенал выхаваўчых сродкаў. □ Мы павінны дамагацца, каб кожная новая кніга, што выходзіць у свет, ішла ў арсенал бальшавіцкай зброі. Чорны. На яе [прыказкі] ўзбраенні — увесь арсенал сатырычных сродкаў — ад іранічнай усмешкі да знішчальнага сарказму. Шкраба.

2. Уст. Прадпрыемства, якое вырабляе і рамантуе зброю і ваенную амуніцыю.

[Фр. arsenal.]

арсена́лец, ‑льца, м.

Той, хто працуе ў арсенале.

арсена́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арсенала. Арсенальны двор. Арсенальны вартаўнік. Арсенальны майстар.

арт...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «артылерыйскі», напрыклад: артабстрэл, артдывізіён, артпадрыхтоўка, артагонь, артбатарэя, артполк, арткурсы.

артадакса́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць артадаксальнага. Артадаксальнасць поглядаў.