Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арнаментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Упрыгожыць (упрыгожваць) арнаментам.

арнаменталі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць арнаментальных сродкаў у якім‑н. мастацкім стылі. Пошукі новай формы, адэкватнай новаму, рэвалюцыйнаму зместу, прыводзяць ужо ў 20‑я гады асобных пісьменнікаў да.. арнаменталістыкі ў празе. Пшыркоў.

арнамента́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць арнаментальнага (у 2 знач.). Арнаментальнасць мовы. □ Тут тая ж схільнасць да арнаментальнасці, да своеасаблівага рытму сказа, да паэтызацыі мовы прозы. Арабей.

арнамента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца арнаментам; складаецца з арнаменту (у 1 знач.). Арнаментальны роспіс.

2. Пышны, вычварны; багаты на ўпрыгожанні. Арнаментальны стыль. Арнаментальная проза. □ Але існуюць нейкія грані, нейкі рубеж, пераступіўшы якія лёгка збіцца на залішне арнаментальную квяцістасць, на чыста вонкавую дэкарацыйнасць. Бярозкін.

арнамента́цыя, ‑і, ж.

1. Упрыгожанне арнаментам. Асабліва цікавай выдалася мастацтвазнаўцу арнаментацыя знадворных бакоў царквы ў дольных частках муроў. Ліс.

2. Характар арнаменту, сукупнасць элементаў арнаменту ў якім‑н. стылі, творы мастацтва.

арна́ментны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з арнаментам (у 1 знач.). Арнаментнае пана. Арнаментныя малюнкі.

арнаменто́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. арнаментаваць.

арнаме́нтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Тое, што і арнаментацыя (у 2 знач.). Адной з асаблівасцей беларускай арнаментыкі ў разьбе выяўляецца прастата і выразнасць ліній, што выклікана перавагай геаметрычных узораў разьбы. «Беларусь».

2. Сукупнасць гукаў, якія аздабляць асноўную меладычную лінію.

арнаменты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст па рысаванню, кладцы, лепцы арнаментаў.

арнау́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Гатунак яравой цвёрдай пшаніцы са шклопадобным белым зернем.