Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

армя́к, ‑а, м.

Старадаўняя сялянская верхняя адзежына з тоўстага саматканага сукна ў выглядзе світкі. За коньмі па лугах, па лесе Ў старэнькім сноўдаў [Саўка] армяку. Гаўрусёў.

армя́не, ‑мян; адз. армянін, ‑а, м.; армянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. армянкі, ‑нак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Армянскай ССР.

армяні́н,

гл. армяне.

армя́нка,

гл. армяне.

армя́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да Арменіі, армян. Армянскі тэатр.

армя́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да армяка. Армячнае сукно.

арна́мент, ‑у, М ‑нце, м.

1. Узор (жывапісны, скульптурны і інш.), у аснове якога ляжаць геаметрычныя, раслінныя і жывёльныя матывы, што паўтараюцца ў строга вытрыманым стылі. Беларускі арнамент. Раслінны, геаметрычны, скульптурны арнамент. □ Усё прымерваўся [Іван Масладуда], прыкідваў, ці падыдзе да.. [шафы] той ці іншы арнамент, які-небудзь незвычайны ўзор. Лынькоў.

2. Тое, што і арнаментыка.

[Ад лац. ornamentum — упрыгожанне.]

арнаментава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. арнаментаваць.

арнаментава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад арнаментаваць.

арнаментава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да арнаментаваць.