Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэпатрыя́цыя, ‑і, ж.

Зварот на радзіму ваеннапалонных, бежанцаў, перасяленцаў.

[Ад лац. repatriare — варочацца на радзіму.]

рэ́пацца, ‑аецца; незак.

Разм. Трэскацца, лопацца. [Паліна], такая маленькая, працуе там, на перамычцы, дзе раве сівер, ад якога рэпаюцца вусны і робіцца задубелым і непрыгожым твар. Савіцкі. Гэта рэпаецца спелы Жоўты струк, тугі і поўны, І на свет выходзіць белы Зіхатлівы твар бавоўны. Кірэенка.

рэпеле́нты, ‑аў; адз. рэпелент, ‑у, М ‑нце, м.

Сродкі для адпуджвання насякомых, птушак, грызуноў, якія шкодзяць пасевам.

[Ад лац. repello — адганяю.]

рэпе́р, ‑а, м.

1. У геадэзіі — спецыяльны знак для абазначэння і замацавання на мясцовасці пункта з вызначанай вышынёй.

2. У матэматыцы — сукупнасць лінейна незалежных вектараў, узятых у пэўным парадку і адкладзеных ад агульнага пачатку.

3. Дапаможны пункт на мясцовасці ці ў паветры, па якім робіцца прыстрэлка з далейшым пераносам агню для паражэння цэлі.

[Фр. repère — метка, знак, зыходны пункт.]

рэпертуа́р, ‑у, м.

Сукупнасць п’ес, песень і іншых твораў, якія выконваюцца ў тэатры, на эстрадзе і пад. Увесь рэпертуар рэвалюцыйных тагачасных песень праспявалі настаўнікі зладжаным хорам, праходзячы міма лясніцтва і праз шляхецкі засценак, а потым і праз лес. Колас. П’есы К. Чорнага «Ірынка» і «Бацькаўшчына» ўзбагачалі беларускі нацыянальны рэпертуар. Луфераў. // Спіс роляў, літаратурных ці музычных твораў, якія выконваюцца акцёрам. Рэпертуар артыста. Рэпертуар дэкламатара.

[Фр. répertoire.]

рэпертуа́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэпертуару. Рэпертуарная п’еса. Рэпертуарная песня. □ Наогул, Астроўскі з’яўляецца самым рэпертуарным драматургам з рускіх і зарубежных класікаў у Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сабалеўскі.

рэпетава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да рэпетаваць.

рэпетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Спец. Паўтарыць (паўтараць) чые‑н. сігналы для таго, каб лягчэй было іх прыняць далёкімі караблямі ва ўмовах дрэннай бачнасці, а таксама ў знак таго, што іх правільна зразумелі.

[Ад лац. repeto — паўтараю.]

рэпеты́тар, ‑а, м.

Той, хто рэпеціруе (у 2 знач.). Зімою, калі былі заняткі ў семінарыі, .. [Лынькоў] быў рэпетытарам гультаяватых і тупаватых панічоў — купецкіх і чыноўніцкіх сынкоў. С. Александровіч.

[Ад лац. repetitor — той, хто паўтарае.]

рэпеты́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэпетытара. Рэпетытарская работа.