рэпеты́тарства, ‑а, н.
Работа, занятак рэпетытара. Зарабляць грошы рэпетытарствам.
рэпетыцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэпетыцыі. Рэпетыцыйны час. // Прызначаны для рэпетыцыя. Рэпетыцыйны пакой. Рэпетыцыйная вопратка.
рэпеты́цыя, ‑і, ж.
Развучванне, паўтарэнне або пробнае выкананне драматычнага, музычнага і пад. твора, прызначанага для спектакля, канцэрта і пад. Рэпетыцыя п’есы. □ У хуткім часе ў клубе зазвінелі галасы на спеўках, пачаліся рэпетыцыі. Дуброўскі.
•••
Генеральная рэпетыцыя — апошняя рэпетыцыя перад выступленнем, канцэртам.
[Ад лац. repretitio — паўтарэнне.]
рэпеці́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да рэпеціраваць.
рэпеці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.; каго-што.
1. і без дап. Праводзіць рэпетыцыю, развучваць, паўтараць ролю, п’есу і пад., рыхтуючыся да выступлення перад публікай. Узялі «Чайку».. Штовечар рэпеціравалі, хоць блізіліся экзамены. Шамякін. А Ольга Сцяпанаўна, якая працуе загадчыцай бібліятэкі, цэлы дзень спявае песні: яна ўдзельнічае ў самадзейнасці і рэпеціруе нават на кухні ля пліты. Бяганская.
2. Займаючыся з кім‑н. дадаткова, дапамагаць засвоіць неабходныя веды. Рэпеціраваць слабых вучняў.
[Ням. repetieren.]
рэ́пік, ‑а, м.
Род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных.
рэ́піна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і трэшчына. Рэпіны на скуры. □ Чарнізна сядзіць у глыбокіх звілістых рэпінах, што абвілі пальцы па краях. Савіцкі.
рэпі́тэр, ‑а, м.
Прыбор, які ўзнаўляе на адлегласці паказанні асноўнага прыбора.
[Англ. repeater.]
рэ́піца, ‑ы, ж.
Хваставая частка пазваночніка ў жывёлін. А коннік сядзеў на кані, і дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпіцу хваста. Караткевіч.
рэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Памянш.-ласк. да рэпа.
2. Надкаленная косць.