Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэ́йсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйса; які ходзіць па пэўным маршруце. Гэта быў не звычайны рэйсавы аўтобус, якіх так многа ходзіць цяпер па дарогах Палесся, а тэатральны. В. Вольскі. Дваццаць хвілін лёту, і рэйсавы самалёт, на якім знаходзіўся Павел, прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце. Шыцік. Не, сабой Карней быў задаволены! Прыйшоў з арміі — адразу ж уладкаваўся матросам на рэйсавы цеплаход Гомель — Кіеў. Каршукоў.

рэ́йсмус, ‑а, м.

Спец. Інструмент для правядзейня ліній, паралельных краю якога‑н. вырабу ці дэталі. У сталярнай майстэрні студэнты вырабляюць цяпер рэйсмусы. «Звязда».

[Ням. Reißmaß.]

рэ́йсмусавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйсмуса.

рэйсфе́дэр, ‑а, м.

Чарцёжны інструмент для правядзення ліній тушшу.

[Ням. Reißfeder.]

рэйсшы́на, ‑ы, ж.

Вялікая чарцёжная лінейка з перакладзінай пад прамым вуглом з аднаго канца.

[Ням. Reißschiene.]

рэ́йтар, ‑а, м.

Гіст. Салдат кавалерыі ў Заходняй Еўропе 16–17 стст. і ў Расіі 17 ст.

[Ад ням. Reiter — коннік.]

рэ́йтарскі, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да рэйтара. Рэйтарская зброя. // У склад якога ўваходзяць рэйтары. Рэйтарскі полк. Рэйтарская конніца.

рэйту́зы, ‑аў; адз. няма.

1. Вузкія штаны ў абцяжку (першапачаткова для верхавой язды).

2. Жаночыя або дзіцячыя звычайна доўгія вязаныя штаны.

[Ад ням. Reithosen.]

рэ́йтынг, ‑а, м.

Спец. Індывідуальны лікавы каэфіцыент ацэнкі сілы гульні гросмайстра (шахмат, шашак). Найвышэйшы асабісты рэйтынг мае чэмпіён свету па шахматах Анатоль Карпаў.

[Англ. rating — ацэнка, клас, разрад.]

рэйхсве́р, ‑у, м.

Гіст. Назва ўзброеных сіл Германіі ў 1919–1935 гадах.

[Ням. Reichswehr.]