рэзо́ннасць, ‑сці, ж.
Уласцівасць рэзоннага. Рэзоннасць заўвагі.
рэзо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дастаткова разумных падстаў, абгрунтаваны. [Старога] хацелі затрымаць, прыводзілі рэзонныя доказы. Караткевіч.
рэ́зрух, ‑у, м.
Разм.
1. Тое, што і разруха. Хіба.. гэта першыя пасляваенныя гады, калі .. [Іваненка], вярнуўшыся з партызанаў, зноў працаваў трактарыстам, а вакол былі рэзрух, .. нястачы? Хадкевіч.
2. Беспарадак. [Сын] пачаў прыглядацца да ўсяго, што рабілася ў хаце. Тут быў сапраўдны рэзрух. Чорны. Нават у хаце ўсё было параскідана, стаяў рэзрух. Броўка.
рэзульта́т, ‑а, М ‑таце, м.
Тое, што і вынік.
рэзульта́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае станоўчы рэзультат. Рэзультатны праезд.
2. З падсумаванымі вынікамі. Рэзультатная ведамасць.
рэзультаты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які дае, прыносіць рэзультат; які заканчваецца рэзультатам.
рэ́зус, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Вузканосая малпа роду макак, якая жыве ў Паўднёва-Усходняй Азіі.
2. ‑у. Спец. Тое, што і рэзус-фактар. Адмоўны рэзус. Дадатны рэзус.
рэ́зус-фа́ктар, ‑у, м.
Спец. Асобае рэчыва, якое змяшчаецца ў крыві малпы рэзус і большасці людзей і абумоўлівае сумяшчальнасць крыві маці і плода, донара і таго, каму пераліваюць кроў.
рэ́зчык, ‑а, м.
1. Рабочы, які займаецца рэзаннем чаго‑н. Рэзчык паперы. □ [Акцызнік:] — Возчыкам цябе не паставяць [у леспрамгасе], рэзчыкам таксама... Ды тут і сам не захочаш. Плечы дзіцячыя. А вось сукі церабіць... Пташнікаў.
2. Майстар мастацкай разьбы; разьбяр. — Давайце арганізуем выстаўку, — прапанаваў Толя. — І не ў дзетдоме, а ў раённым Доме культуры. На ёй пакажам самае лепшае, што зрабілі рэзчыкі, мастакі, вышывальшчыцы, словам, усе нашы ўмельцы. Рунец.
рэ́зчыцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэзчыка; звязаны з рамяством рэзчыка. Рэзчыцкі інструмент.