рэзідэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэзідэнта, належыць яму.
рэзідэ́нцыя, ‑і, ж.
Месца, дзе пастаянна знаходзяцца ўрад або асобы, якія займаюць высокія адміністрацыйныя пасады. Доўгі час, на працягу некалькіх стагоддзяў, Пражскі град быў рэзідэнцыяй чэшскіх каралёў. Мележ. У самым цэнтры горада размешчана рэзідэнцыя прэзідэнта — Белы дом. Новікаў. // Разм. Наогул месцазнаходжанне каго‑н. Па ўсім абсталяванні пакоя, якое кінулася Рыгору ў вочы, відаць было, што гэта рэзідэнцыя... гаспадыні. Гартны. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.
[Ад лац. residentio — месцазнаходжанне.]
рэзінья́цыя, ‑і, ж.
Уст. Поўная пакорнасць лёсу.
[Фр. résignation ад лац. resigno — знішчаю, адмяняю.]
рэзі́стар, ‑а, м.
Элемент электрычнага ланцуга, які прызначаны для абмежавання току ў ім і выкарыстоўваецца для стварэння рэжыму работы радыёлямпы, транзістарнага прыёмніка і пад.
рэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рэзаць (у 1 знач.).
2. Дробна парэзаная салома; сечка. Калі бульба добрая ўродзіць, то тады аддадзім салому людзям, а калі не, то прыйдзецца не аддаваць. Пойдзе на рэзку каровам. Гаўрылкін.
рэ́зкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць рэзкага. [Аўгіня] зараз жа стрымала сваю рэзкасць і лагодна зазірнула .. [Кандрату] у вочы, зазірнула так, як умела зазіраць яна. Колас.
рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.
2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.
3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.
4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.
рэ́знуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Моцна стукнуцца аб што‑н., у што‑н. Ды так рэзнуўся [жарнавік] аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Вол як рэзнуўся лбом у вароты, дык тыя хруснулі, а сам ён і асеў на пярэднія ногі. Марціновіч.
рэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Аднакр. да рэзаць (у 1, 2, 4, 6 знач.).
2. Моцна ўдарыць чым‑н. Антось на бягу рэзнуў прыкладам карабіна паручніка. Нікановіч.
3. Зрабіць што‑н. хутка, энергічна, з азартам. Толькі расцягнуў, думаў рэзнуць полечку, а Аўдоцця падышла да яго і паклала на гармонік руку. Чарнышэвіч.
рэзо́н, ‑у, м.
Разм. Сэнс, падстава, разумны довад. [Змітрок:] — Людзі кажуць: ад свайго злодзея нідзе нічога не схаваеш. Так і тут, пэўна ж.. [солтыс] многа чаго ведае. Але даказваць на сваіх аднавяскоўцаў няма яму рэзону. Машара. // звычайна мн. (рэзоны, ‑аў). Доказы, аргументы. Андрэй, Насцін бацька, не прымаў пад увагу гэтых рэзонаў і стаяў на сваім. Колас.
[Фр. raison.]