рэкамендава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак. і незак.
1. Назваць (называць) сябе пры знаёмстве. Пры выпадку незнаёмым дзяўчатам па сакрэту .. [Саша] рэкамендаваўся маёрам-дэсантнікам. Новікаў.
2. толькі незак. Зал. да рэкамендаваць.
рэкамендава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.
1. Станоўча характарызуючы каго‑, што‑н., прапанаваць выкарыстаць на службе, рабоце і пад. Рэкамендаваць настаўніка. Рэкамендаваць кнігу. □ [Кавалёў:] — Я выклікаў вас па важнай справе. Мне рэкамендавалі вас як добра пісьменнага чалавека. Чарнышэвіч. // Даць (даваць) каму‑н. пісьмовы станоўчы водзыў для ўступлення ў якую‑н. арганізацыю ці паступлення на працу. Камуністы, якія некалі рэкамендавалі .. [Карніцкага] у партыю, вучылі быць заўсёды ініцыятыўным і настойлівым, вучылі заўсёды глядзець наперад! Паслядовіч.
2. Параіць (раіць), прапанаваць зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. Рэкамендаваць заняцца спортам.
3. Назваць (называць) пры знаёмстве. Тым часам Генрых падаў руку, пачаў рэкамендаваць мяне студэнту. — Браніслаў! — неахвотна кінуў той, вітаючыся. Карпюк. [Ларыса:] — Хадзі сюды, Люба... Ты, можа, незнаёма з маім фурманам — рэкамендую. — А фурман скочыў з перадка, падбег і ўхапіў Любіны рукі. — Ігнась!.. Мурашка.
рэкамендацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе рэкамендацыю. Рэкамендацыйны спіс літаратуры. Рэкамендацыйнае пісьмо.
рэкаменда́цыя, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэкамендаваць.
2. Спрыяльны водзыў (звычайна ў пісьмовай форме). Атрымаць добрую рэкамендацыю. □ [Барыс:] — Ну што ты: мая ж рэкамендацыя! Мала таго, што параіў, дык яшчэ запэўніў Арсена Уладзіміравіча, што толькі ён, мой найлепшы сябар, можа паправіць нашы фінансавыя справы, вывесці завод у людзі. Скрыган. [Шахневіч:] — Ты прасіў у мяне рэкамендацыю ў партыю? Вось яна, трымай. Краўчанка.
3. Парада, нежаданне, прапанова. Рэкамендацыя бібліятэкара. Навуковыя рэкамендацыі — у жыццё.
рэканструкцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэканструкцыі. Рэканструкцыйны перыяд. Рэканструкцыйныя работы.
рэканстру́кцыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэканструяваць.
рэканструява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэканструяваць.
рэканструява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад рэканструяваць.
рэканструява́цца, ‑руюецца; зак. і незак.
1. Перабудавацца (перабудоўвацца), скласціся (складацца) па-новаму.
2. толькі незак. Зал. да рэканструяваць.
рэканструява́ць, ‑руюю, ‑руюеш, ‑руюе; зак. і незак., што.
1. Перабудаваць (перабудоўваць) што‑н., каб палепшыць, удасканаліць. Рэканструяваць абсталяванне цэха.
2. Аднавіць (аднаўляць) што‑н. па апісаннях ці астатках, якія захаваліся. Рэканструяваць тэкст старажытнага рукапісу. Рэканструяваць помнік.
[Ад лац. re — зноў і construere — будаваць.]