рэкамендаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.
1. Станоўча характарызуючы каго‑, што‑н., прапанаваць выкарыстаць на службе, рабоце і пад. Рэкамендаваць настаўніка. Рэкамендаваць кнігу. ▪ [Кавалёў:] — Я выклікаў вас па важнай справе. Мне рэкамендавалі вас як добра пісьменнага чалавека. Чарнышэвіч. // Даць (даваць) каму‑н. пісьмовы станоўчы водзыў для ўступлення ў якую‑н. арганізацыю ці паступлення на працу. Камуністы, якія некалі рэкамендавалі .. [Карніцкага] у партыю, вучылі быць заўсёды ініцыятыўным і настойлівым, вучылі заўсёды глядзець наперад! Паслядовіч.
2. Параіць (раіць), прапанаваць зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. Рэкамендаваць заняцца спортам.
3. Назваць (называць) пры знаёмстве. Тым часам Генрых падаў руку, пачаў рэкамендаваць мяне студэнту. — Браніслаў! — неахвотна кінуў той, вітаючыся. Карпюк. [Ларыса:] — Хадзі сюды, Люба... Ты, можа, незнаёма з маім фурманам — рэкамендую. — А фурман скочыў з перадка, падбег і ўхапіў Любіны рукі. — Ігнась!.. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)