Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аргументава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Прывесці (прыводзіць) доказы, аргументы (у 1 знач.). Ходас ніколі не ўмеў так ясна аргументаваць свае думкі, як гэта рабіў Косця. Шамякін.

аргумента́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аргументаваць.

2. Сукупнасць аргументаў. Дастатковая аргументацыя. Лагічная аргументацыя.

а́ргус, ‑а, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — стовокі вартаўнік, якога багіня Гера паставіла вартаваць Іо, дачку аргонскага цара.

2. перан. Кніжн. уст. Пільны ахоўнік, вартавы. // Сімвал пільнасці.

3. Лясная птушка сямейства фазанавых.

арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.

1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.

2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.

3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.

[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]

арда́лія, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.

Спосаб, якім вызначалі ў сярэднія вякі вінаватасць ці невінаватасць абвінавачанага праз катаванне агнём, вадой і пад.

[Лац. ordalia.]

ардына́р, ‑а, м.

Сярэдні за многа гадоў ўзровень вады ў рэчцы або вадаёме. Вада паднялася вышэй ардынара.

[Лац. ordinarius — звычайны.]

ардына́рац, ‑рца, м.

1. Уст. Афіцэр для даручэнняў пры камандуючым.

2. Ваеннаслужачы пры камандзіру або пры штабе для сувязі, выканання асобных даручэнняў і асабістых паслуг.

[Ням. Ordonnanz, фр. ordonnance — веставы.]

ардына́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ардынарнага.

ардына́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які нічым не вызначаецца, звычайны, нават пасрэдны.

2. Уст. У абазначэнні вучоных пасад — штатны, патрэбны паводле штату, які займае кафедру (кіруе кафедрай); проціл. экстраардынарны (звышштатны). Ардынарны прафесар. Ардынарны акадэмік.

[Лац. ordinarius.]

ардына́та, ‑ы, ДМ ‑наце; Р мн. ‑аў; ж.

У геаметрыі — назва аднаго з двух (трох) лікаў, якая вызначае становішча пункта на плоскасці адносна прамавугольнай сістэмы каардынатаў.

[Ад лац. ordinatus — упарадкаваны.]