Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

руба́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рубанка; прызначаны для рубанка. Рубаначнае лязо.

руба́шка, ‑і, ДМ ‑ншы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Тое, што і кашуля. Стары таксама падняўся, міжвольна абцягнуў рубашку, без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. Раечка ўсхапілася і ў адной рубашцы ўвалілася ў суседні пакой. Лобан.

2. Спец. Верхні слой чаго‑н. Рубашка катла.

рубе́ж, рубяжа, м.

1. Граніца паміж чым‑н., мяжа чаго‑н. Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі Нашых палеткаў, шнуроў. Колас. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Ад усходу, звыш гэтага — вадзяны рубеж — спакойная, але глыбокая рэчка Вуша. Брыль. // перан. Грань, якая аддзяляе што‑н. адно ад другога. Той памятны вечар з’явіўся як бы нейкім рубяжом у жыцці Наташы. Краўчанка. На рубяжы лета і восені кароткая яшчэ ноч. Каваль. // перан. Вышэйшая, крайняя ступень чаго‑н.; мяжа. На загрузку самазвала патрабавалася паўмінуты. Гэта добра і многія лічылі гэта рубяжом. Лукша.

2. Дзяржаўная граніца. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».

3. У вайсковай справе — лінія абаронных збудаванняў. Абаронны рубеж. □ Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, падпалкоўнік паспакайнеў. Мележ. // Лінія размяшчэння агнявых кропак. Агнявы рубеж.

рубе́ль 1, ‑бля, м.

1. Грашовая адзінка ў Расіі і СССР, роўная 100 капейкам.

2. Банкнот і манета такой вартасці. Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону. Колас. Кандуктарка схапіла сторублёўку і не спяшаючыся пачала выцягваць са свае сумкі рублі, траячкі, пяцёркі. Васілёнак. Мы працавалі горача, каб ты стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Панчанка.

•••

Гнацца за доўгім рублём гл. гнацца.

Доўгі рубель — пра лёгкі і вялікі заробак.

рубе́ль 2, ‑бля, м.

Тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы, салому і пад. З поля прабеглі дзве палутаркі, везучы прыціснутыя пад рубель снапы сухога жыта. Краўчанка. Міша і Валодзька наклалі снапы на другую фурманку, затым падалі ездавому рубель. Сіняўскі.

руберо́йд, ‑у, М ‑дзе, м.

Матэрыял для пакрыцця даху або для ізаляцыі, зроблены з кардону, прамочанага спецыяльным саставам.

[Ад лац. ruber — чырвоны і грэч. éidos — выгляд.]

руберо́йдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да руберойду. // Зроблены з руберойду.

руберо́йдны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і руберойдавы.

рубе́ц 1, ‑бца, м.

1. Падоўжнае паглыбленне, зробленае чым‑н. на гладкай паверхні. Хлопцы скінулі ўраз Рукзакі і сарочкі, І ўпіліся ў сосны Стальныя разцы. На ствалах засталіся Рубцы ад падсочкі. Свірка.

2. След на целе пасля зажыўшай раны або ад пабояў. Галіна заўважыла ў .. [Колі] на грудзях чырвоны рубец — след асколка. Шамякін. [Бенька] падышоў і сеў на ўслончык. Пад расшпіленым каўняром кашулі відзён быў шырокі пакручасты рубец. Скрыган.

3. Шво, якое атрымліваецца пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад. І насыпка, і навалачка лопнулі паўз рубец. Місько. [Пасведчанне] трэба было зашыць у складку ці нейкі рубец адзежыны. Васілевіч.

4. Разм. Тое, што і руб. Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі. Баранавых.

•••

Да рубца — зусім, поўнасцю (падрацца).

Сухога рубца няма на кім гл. няма.

рубе́ц 2, ‑бца, м.

Самы вялікі аддзел (частка) страўніка жвачных жывёл. // Ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка.

рубі́дыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рубідыю. Рубідыевыя крышталі.

рубі́дый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, мяккі метал срабрыста-белага колеру, падобны па сваіх уласцівасцях на калій і натрый.

[Ад лац. rubidus — чырванаваты.]