Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да роты. Ротны камандзір. □ Секлі лес кулямётамі, Палівалі, страчылі, Палкавымі і ротнымі мінамётамі білі. Лужанін. У пакой ускочылі салдаты, далі .. [Візэнеру] вады, выклікалі ротнага лекара. Шамякін.

2. у знач. наз. ро́тны, ‑ага, м. Камандзір роты. Яшчэ ротны аддаваў загад узводным, яшчэ вылучалі дазоры, а стомленыя салдаты, расклаўшы шынялі, клаліся на мураву пад яблыні і засыпалі. Галавач.

роў 1, рова; мн. равы, ‑оў; м.

Доўгае паглыбленне, выкапанае ў зямлі; канава. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Колас. Дзе мост над ровам — Летам на світанку Не замаўкаюць песні салаўёў. Хведаровіч.

роў 2, рову, м.

1. Моцны працяглы крык некаторых жывёл. Раптам.. [Яніна] пачула наперадзе мядзведжы роў. Мурашка. // Гукі, якія напамінаюць такі крык. З ровам самалётаў шырылася радаснае хваляванне ў грудзях. Мележ. На дарозе пуста. Даўно ўжо знік лесавоз з вачэй, ні яго рову, ні пылу. Ракітны.

2. Разм. Моцны плач. І плачу было тут, і слёз, і рову. Лынькоў.

ро́ўма,

У выразе: роўма раўці гл. раўці.

ро́ўна,

1. Прысл. да роўны (у 1–6 знач.).

2. у знач. вык. Пра адсутнасць няроўнасцей, упадзін, узгоркаў. Роўна, як на стале. Зімой у полі роўна і бела.

3. прысл. На адной лініі (вышыні, глыбіні і пад.); на адным узроўні. Калёсы былі загружаны роўна з поручнямі ўсялякай салдацкай амуніцыяй. Ставер. З фермы на поле, нагружаныя роўна з коньмі белымі мяхамі, паехалі дзве падводы. Пташнікаў.

4. у знач. часціцы. Дакладна, якраз. Перапынак. Роўна поўдзень. Паўгадзіны адпачні. А. Александровіч. Роўна праз дзве гадзіны сем хвілін лектар згарнуў паперы і ўзяўся за акуляры, не падымаючы вачэй на аўдыторыю. Кавалёў.

•••

Усё роўна гл. усё.

роўна... (а таксама раўна...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «роўны», напрыклад: роўнавялікі, роўнастаронні.

роўнавуго́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае роўныя вуглы.

роўнавялі́кі, ‑ая, ‑ае.

Спец. Роўны па велічыні, аб’ёме. Роўнавялікія колькасці.

роўнапаско́раны, ‑ая, ‑ае.

Спец. З раўнамерна ўзрастаючым паскарэннем.

роўнастаро́нні, ‑яя, ‑яе.

Які мае ўсе стораны роўнай даўжыні. Роўнастаронні трохвугольнік.

ро́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан роўнага. [Каваліха] збілася з тону. Яе галашэнне страціла ранейшую плаўнасць, роўнасць і стройнасць. Бядуля. // Пра вялікае роўнае месца, раўніну. Хацелася .. [Алесю] спяваць і бесперастанку ісці марознаю роўнасцю снегу. Чорны. За .. [узгоркам] ляжала палявая роўнасць, а далей — лес. Савіцкі.

2. Аднолькавасць, поўнае падабенства (па велічыні, колькасці, якасці і пад.). Роўнасць сіл.

3. Роўнае становішча людзей у грамадстве, што выяўляецца ў аднолькавых адносінах да сродкаў вытворчасці і ў карыстанні аднолькавымі палітычнымі і грамадзянскімі правамі. Роўнасць народаў і нацый. □ Калгасны лад забяспечыў таксама поўную роўнасць жанчыны з мужчынам у вытворчасці і ліквідаваў яе нераўнапраўнае становішча ў сям’і. Залескі.

4. У матэматыцы — алгебраічная формула з дзвюх частак, роўных між сабой.