Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рост, ‑у, М ‑сце, м.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расці. // Павелічэнне колькасці. Рост насельніцтва. Рост пагалоўя жывёлы. // Узмацненне, павышэнне. Зіма Сталінграда была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу. Шамякін. Для Максіма Танка з’езд [пісьменнікаў СССР] быў вялікай падзеяй, ідэі, узнятыя там, знайшлі ў ім гарачага прыхільніка і дапамаглі яго творчаму росту. У. Калеснік.

2. Вышыня чалавека або жывёлы. Гэта быў невялікага росту, прысадзісты, шыракаплечы чалавек год пад трыццаць. Мяжэвіч. Сярэдняга росту .. мужчына ў афіцэрскім кіцелі і простых кірзавых ботах, размахваючы жоўтай палявой сумкай, нёс на сваім смуглявым твары вясёлую ўсмешку. Паслядовіч.

•••

Ва ўвесь рост, на ўвесь рост — а) стоячы, прама; б) поўнасцю, на ўсю фігуру (пра фігуру чалавека на фатаграфіі, партрэце і пад.); в) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння; г) перан. поўнасцю, як мае быць, як належыць. Словам, гаспадар абудзіўся ў Мікіце ва ўвесь рост. Колас.

У касы сажань ростам гл. сажань.

У поўны рост, на поўны рост — тое, што і ва ўвесь рост.

У рост чалавека — прыблізна такой вышыні як чалавек.

ро́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да росту (у 1 знач.). Роставыя працэсы.

ро́стань 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.

2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.

ро́стань 2, ‑і, ж.

Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.

•••

На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.

ро́стбіф, ‑а, м.

Ялавічына, засмажаная вялікім кавалкам.

[Англ. roastbeef.]

ро́стверк, ‑а, м.

Спец. Ніжняя частка фундамента збудавання. Жалезабетонны ростверк.

[Ням. Rostwerk.]

ро́стверкавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да ростверка. Ростверкавыя сваі.

ростр, ‑а, м.

Гіст. Таран у выглядзе галавы якой‑н. жывёлы на насавой частцы старажытнарымскага ваеннага карабля для панясення ўдараў караблю праціўніка.

[Ад лац. rostrum — насавая частка судна, нос карабля.]

ро́стра, ‑ы, ж.

1. Гіст. Трыбуна на форуме старажытнага Рыма, упрыгожаная насамі караблёў, захопленых у непрыяцеля.

2. Упрыгожанні калон у выглядзе насавой часткі старажытнага судна.

[Лац. rostra (мн. л.) — насы караблёў.]

ро́стры, ‑аў; адз. няма.

Спец. Пляцоўкі, звычайна крацістыя, якія робяцца над палубай судна для шлюпак, катэраў, баркасаў і пад.

[Гал. rooster — рашотка.]

ро́стул, ‑у, м.

1. Вугал, атрыманы ў выніку расхілення ножак цыркуля і пад.

2. Адтуліна, шчыліна, якая ўтвараецца, калі расчыніць акно, дзверы і пад.; росчын.