Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ромбападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму ромба (у 1 знач.).

ро́мбік, ‑а, м.

1. Памянш. да ромб (у 2 знач.).

2. Пра што‑н. у форме невялікага ромба. Паказаўся прыгожы гняды конь, між вачэй якому нібы хто знарок прыклеіў беласнежны ромбік. Ляўданскі. — Дык, кажаш, танкі ў бярэзніку каля Міронавай хаты? Вось і добра. — І .. [салдат] панёс у адным месцы карты ромбік. Гамолка.

ро́нда, нескл., н.

Форма інструментальнай музыкі (сольнай ці сімфанічнай) са шматразовым паўтарэннем галоўнай тэмы ў чаргаванні з адной або некалькімі пабочнымі.

[Іт. rondo.]

ро́ндаль, ‑я, м.

Уст. Каструля з ручкай. Тым часам каля шалаша Віктар у вялікім рондалі гатаваў над агнём [юшку]. Краўчанка.

ро́па, ‑ы, ж.

Абл.

1. Гнойныя выдзяленні. Удоўж Дняпра ляглі яны — акопы, Заросшыя травой акопы, бліндажы, Дзе як-бы йшчэ смярдзіць людскою ропай, Мінулых бітваў усплываюць міражы. Купала.

2. Тое, што і рапа́. З лесу вылецелі каля дваццаці фурманак, распаўзліся на плантацыі і пачалі паліваць з бочак сакавітыя зялёныя рады густа-салёнай ропай. Караткевіч.

ро́скаш, ‑ы, ж.

Тое, што і раскоша. Які тут [у Вільні] рух і беганіна! Як ззяюць вокны магазінаў! І колькі тут дабра, багацця! А колькі слёз у ім, пракляцця? Якія брычкі і карэты! А для каго ўся роскаш гэта? Колас. А чаму спяваюць салаўі? А таму, што жывуць у роскашы, на свабодзе. Бялевіч. Улетку жыць у курані было Лёньку роскаш. Капыловіч.

ро́сквіт, ‑у, М ‑віце, м.

1. З’яўленне кветак на раслінах; цвіценне. Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Было іх жыццё, як росквіт каліны, як быць маладосць толькі можа адна. Машара.

2. перан. Найвышэйшая ступень развіцця, уздыму чаго‑н., лепшая пара ў развіцці каго‑, чаго‑н. Росквіт эканомікі краіны. Росквіт таленту. □ Росквіт беларускай мастацкай прозы пачаўся ў савецкі час. Пшыркоў.

ро́скід, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раскідваць, раскіда́ць — раскі́даць (у 1 знач.).

2. Стан паводле дзеясл. раскідвацца, раскіда́цца — раскі́дацца (у 1 знач.). Цёмныя мужыкі, — кажа сын, — адно могуць давесці ўсё да зруйнавання, да роскіду. Чорны.

ро́сласць, ‑і, ж.

Уласцівасць рослага. [Жанчына] таксама немаладая, але маршчыны неяк слухмяна хаваюцца пад цёмнымі акулярамі, трохі цяжкаватую постаць яе выручае росласць. Лось.

ро́слы, ‑ая, ‑ае.

Высокага росту. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным [віхром]. Мележ. Ён быў самым рослым у класе — І мянушку далі яму «Тата». Блатун. // Які дасягнуў значнай вышыні, высокі (пра расліны). Рослыя ліпы і клёны Цягнуцца ўгору ля вокан. Калачынскі.