ро́цік, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да рот; маленькі рот.
ро́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расціць.
ро́шчына, ‑ы, ж.
1. Негустое цеста на дражджах або з закваскай, якое пасля замешваюць. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін.
2. Цэментны, будаўнічы раствор. Машына за машынай ідуць грузавікі з цэглай, рошчынай, бэлькамі. Гарбук. Пасля работы, нават не памыўшы заляпанага рошчынай твару, ён пабег ва ўпраўленне трэста. Асіпенка. Кладка скрозь вельмі трывалая, з тонкімі швамі вапнавай рошчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Ліс.
рту́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ртуці. Ртутны слупок. // Які змяшчае ў сабе ртуць. Ртутная руда. // Які дзейнічае пры дапамозе ртуці. Ртутны барометр. Ртутны тэрмометр.
ртуць, ‑і, ж.
Хімічны элемент, вадкі цяжкі метал серабрыста-белага колеру.
•••
Грымучая ртуць — выбуховае хімічнае рэчыва ў выглядзе крышталічнага белага парашку.
руб, ‑а, м.
Вузкі край або вузкі бок якога‑н. прадмета. Надарваны голас адбіваўся болем у .. [Лібіным] горле, дранцвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага руба грузавіковай сценкі. Гартны. — Вы-ка-най-це, кажу, гэтыя планы, — дробненька стукаў Гаруноў рубам далоні па трыбуне, — .. хопіць дзяржаве і на працадзень. Дуброўскі.
руба́ка, ‑і, м.
Разм. Смелы, адважны чалавек, які па-майстэрску валодае халоднай зброяй. Гэты стары салдат, хвацкі рубака, узнагароджаны трымя Георгіеўскімі крыжамі, потым камандзір эскадрона ў Будзёнаўскай конарміі. Хомчанка.
ру́бам, прысл.
Вузкім краем або вузкай стараной уверх; вертыкальна. [Крыгі] станавіліся рубам, сярдзіта выпіналіся з вады, пагражаючы змесці ўсё на сваім шляху. Броўка. Яны падышлі ўжо да Ларысінага дома. Перад вокнамі тут быў разбіты невялікі палісаднік, хутчэй клумба, абкладзеная рубам пастаўленымі цаглінамі. Арабей.
•••
Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.
руба́нак, ‑нка, м.
Сталярны інструмент у выглядзе калодкі з шырокім жалезным лязом для стругання драўніны.